Якія сімвалы закладзены ў помніку літары Ў
Помнік літары «Ў», які быў усталяваны ў Полацку ў 2003 годзе, пасля рэканструкцыі набыў новы выгляд. У пазамінулым годзе помнік аказаўся пашкоджаным. Гарадскія ўлады паабяцалі яго адрэстаўраваць і сёлета да 1 верасня выканалі сваё абяцанне. Але што змянілася ў помніку? Пра гэта тлумачыць яго аўтар – мастак Ігар Куржалаў:
– Па-першае, новы помнік большы па памерах на 20 см. Па-другое, раз ужо выдалася магчымасць яшчэ раз над ім папрацаваць, то я гэты помнік пераасэнсаваў. З’явіліся новыя тэхналогіі – і тое што раней, 13 год таму, я не мог зрабіць, то зрабіў на гэты раз. Сёння камп’ютар і фрэзер дапамагаюць мастаку. Ды і полацкая ліцейка набыла вопыт.
Сімволіка помніка наступная – на пастаменце выціснутая (як бы друкарская) літара Ў. Стаіць разгорнутая (умоўная) кніга, на вокладцы якой месцяцца цытаты і тэксты, звязаныя з беларускай мовай, і перш за ўсё з Полацкам, як сталіцай нашага першадрукара. Таму тут і Еўфрасіння, і Скарына, і Браслаў, і слоўнік… і цытата з верша Барадуліна „ад Еўфрасінні, ад Скарыны, ад Полацка пачаўся свет”, – на гэты раз пазначана, хто аўтар цытаты.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара