Кадыраў заявіў, што ўцекачам з Чачні нічога не пагражае



Часова выконваючы абавязкі кіраўніка Чачні Рамзан Кадыраў заявіў, што чачэнцы, якія апынуліся на беларуска-польскай мяжы, пакінулі рэспубліку не з-за пагроз, а ў пошуках лёгкага жыцця. Паводле яго слоў абвінавачванні ў адрас уладаў з іх боку толькі спроба атрымаць статус бежанца.

Рамзан Кадыраў

Польская і беларуская прэса 30 жніўня паведаміла, што ў раёне Берасця з’явілася вялікая група выхадцаў з Чачні. Сцвярджалася, што каля 100-200 чалавек хацелі трапіць у Польшчу, прасілі даць ім статус бежанцаў, але атрымалі адмову польскіх памежнікаў. Па словах Кадырава, ён тыдзень разбіраўся з сітуацыяй на беларуска-польскай мяжы.

„Адправіў туды спецыяльных людзей, але ніхто з тых, хто спрабуюць перайсці мяжу, толкам не растлумачыў, хто яны, адкуль, навошта выехалі туды. Калі рэальна ім патрэбна дапамога, я гатовы быў адправіць туды тэхніку, каб прывезці іх дадому. Гэта нашы людзі, якія б у іх ні былі намеры, мы павінны імі займацца”, — заявіў Кадыраў, адказваючы на пытанні журналістаў.

Ён дадаў, што гэтыя людзі свабодна могуць прыехаць у Чачню ці з’ехаць: міграцыя — гэта нармальны працэс, кожны вольны свабодна перамяшчацца і жыць, там, дзе яму па душы.

„Хто ім можа пагражаць, калі іх ніхто нават не ведае? — сказаў Кадыраў. — Я ўвогуле не разумею палітыку гэтых людзей. Яны прадаюць ўсю сваю маёмасць, звязваюцца з аферыстамі для таго, каб іх незаконна пераправілі праз мяжу, пішуць усякую лухту, каб атрымаць статус бежанца, а потым, губляючы гонар і годнасць, ходзяць і плачуць дзеля кавалка хлеба”.

tass.ru