У Беларусі пачалі дзейнічаць новыя правілы IP-тэлефаніі



Цяпер аператары змогуць спыняць наданне паслуг электрасувязі і блакаваць IР-трафік.

Skype

18 верасня ўваходзяць у дзеянне новыя правілы рэгулявання IP-тэлефаніі ў Беларусі, паведамляе БелТА.

У Беларусі 18 верасня ўваходзіць у дзеянне ўказ № 98 „Аб удасканаленні парадку перадачы паведамленняў электрасувязі” і загад Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры дыктатары аб сістэме процідзеяння парушэнням парадку пропуску трафіку на сетках электрасувязі. Палажэнне аб сістэме процідзеяння парушэнням парадку пропуску трафіку на сетках электрасувязі з’яўляецца лагічным працягам указа №98 і накіраванае на папярэджанне, выяўленне і спыненне парушэнняў парадку пропуску трафіку, а таксама абарону законных інтарэсаў як абанентаў, так і аператараў электрасувязі. Пасля ўваходжання ў дзеянне патрабаванняў указа і палажэння магчымасць выкарыстання такіх анлайн-сэрвісаў IP-тэлефаніі, як sipnet.ru, zadarma.com і ім падобных будзе заблакаваная. Разам з тым уладальнікі онлайн-сэрвісаў для надання сваіх паслуг могуць арганізаваць узаемадзеянне з беларускімі аператарамі электрасувязі, якія маюць неабходныя ліцэнзіі. Акрамя таго, можна прадугледзець іншыя варыянты арганізацыі сувязі з улікам правядзення рэгістрацыі выкарыстоўваных сродкаў IP-тэлефаніі.

Улады сцвярджаюць, што новыя правілы рэгулявання IP-тэлефаніі не паўплываюць на працу Skype і Viber. Нумары звычайных тэлефонаў пры ажыццяўленні на іх званка з мэсэнджара або анлайн-сэрвісу не будуць блакавацца. Гэта закране абаненцкія нумары, якія ўдзельнічаюць у тэрмінацыі міжнароднага трафіку з дапамогай GSM-шлюзаў і выяўленых праграмна-тэхнічных комплексаў процідзеяння парушэнням парадку пропуску трафіку. Аператары электрасувязі надзеленыя правам прыпыняць і спыняць наданне паслуг электрасувязі, блакаваць трафік IР-тэлефаніі, у тым ліку ў выпадках парушэння парадку пропуску трафіку на сетках электрасувязі. Прадугледжанае таксама права запытваць тлумачэнні ад абанента ў пытаннях парушэння парадку выкарыстання вылучанага яму абаненцкага нумара пры правядзенні мерапрыемстваў у папярэджанні, выяўленні і спыненні парушэнняў парадку пропуску трафіку на сваіх сетках электрасувязі.