У Менску пачынае працу місія МВФ
Місія Міжнароднага валютнага фонду на чале з Пітэрам Долманам будзе працаваць з 19 верасня па 1 кастрычніка.
Папярэдняя місія МВФ наведала Беларусь у канцы чэрвеня з мэтай ацаніць наяўную эканамічную палітыку ўладаў згодна з артыкулам IV статута фонду. Паводле вынікаў візіту Долман заявіў, што МВФ пазітыўна ацэньвае рэформы ў беларускай эканоміцы, але лічыць неабходным іх паглыбіць і паскорыць. Акрамя таго, адзначыў ён, МВФ разлічвае на публікацыю вынікаў незалежнай дыягностыкі беларускіх банкаў і рэкамендуе беларускім уладам правесці шырокую дыягностыку сектара дзяржпрадпрыемстваў. „Мы падзяляем мэту ўрада па стопрацэнтнай кампенсацыі выдаткаў на паслугі ЖКГ насельніцтвам да 2018 года”, — заявіў таксама Долман.
Кіраўнік місіі абвясціў прагноз МВФ пра перспектывы беларускай эканомікі: „Мы чакаем, што рэцэсія ў Беларусі ў 2016—2017 гадах будзе захоўвацца”. Згодна з ацэнкай фонду, ВУП краіны ў 2016 годзе знізіцца на 3%, у 2017-м — на 0,5%.
У сваю чаргу старшыня праўлення Нацыянальнага банка Павел Калаур у ліпені заяўляў, што бачанне структурных аспектаў павышэння эфектыўнасці нацыянальнай эканомікі „ў цэлым супадае з пазіцыяй Міжнароднага валютнага фонду, выяўленай падчас апошняй (чэрвеньскай) місіі”.
Беларускія ўлады разлічваюць на новую праграму супрацоўніцтва з фондам, запытваючы ў МВФ крэдыт на 3 млрд даляраў пад 2,28% гадавых тэрмінам на 10 гадоў. Як заявіў прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы ў снежні 2015 года, „неабходна прыцягнуць як мага на больш камфортных умовах па тэрмінах і кошце рэсурсы МВФ”. Аляксандр Лукашэнка ў адказ заявіў, што крэдыт МВФ — гэта „добры крэдыт, з добрым аб’ёмам рэсурсаў і добрым працэнтам”. „Ніхто нам, у тым ліку і расейцы, пад такія працэнты крэдытаў не дае. Нам гэта выгадна”, — сказаў ён.
У 2009—2010 гадах Беларусь атрымала ад МВФ у межах праграмы stand-by пяць траншаў крэдыту на 3,46 млрд долараў.