Скаргу на старшыню выбарчай камісіі падаюць у пракуратуру
Некалькі скаргаў ад актывістаў кампаніі ’’Права выбару’’ будуць разгледжаныя ў акруговай камісіі. Пра гэта паведаміў каардынатар па Берасцейскай вобласці Зміцер Шыманскі. Яны непасрэдна звязаныя з ціскам сябрамі ўчастковых камісій на незалежных назіральнікаў.
„У прыватнасці, яны пагражалі маладзёнам адлічэннем з універсітэту, ці звальненнем з працы, калі тыя будуць скардзіцца і фіксаваць парушэнні,” – падкрэсліў Зміцер Шыманскі:
– І вельмі дзіўна, бо гэта настаўнікі, выхаваныя людзі. Яны павінны ведаць працэдуру. Калі назіральнік да іх звяртаецца са скаргай, яны павінны проста яе прыняць, а не пачынаць крычаць і прымушаць чалавека забіраць гэтую скаргу. Дзве дяўчыны, назіральніцы, з гэтых участкаў прыйшлі і плачуць, бо не могуць супакоіцца. Бо ім пагражалі усім чым толькі можна, іх прымусілі парваць гэтыя скаргі, бо пагражалі адлічэннем з універсітэта. Гэта ў трэцяй школе і пятнаццатай школе.
Яшчэ адную скаргу на дзеянні старшыні камісіі актывісты падрыхтавалі ў берасцейскую пракуратуру. Прычына – абраза з яго боку ў адрас незалежных назіральнікаў.
Беларускае Радыё Рацыя