На што спадзяюцца прадпрымальнікі ў рэгіёнах?



“Захочуць аштрафаваць – аштрафуюць”, – кажа полацкая ІП-эшніца Вольга Шарстабітава.

Вольга Шарстабітава: На шчасце, у нас пакуль няма вялікіх праверак, але ўсе ў чаканні, што будзе далей. Бо бачым жа, што ў некаторых іншых гарадах ужо ідуць праверкі, і людзі зачыняюцца цэлымі рынкамі. У нас, як ужо казала, такога няма, але прадпрымальнікі падумваюць, каб наогул спыніць сваю прадпрымальнірцкую дзейнасць, бо пакупальніцкая здольнасць насельніцтва – нулявая. ІП-эшнікі па сутнасці працуюць сабе ў мінус. Выдаткі сталі перавышаць прыбытак.

РР: Летам таксама была такая ж сітуацыя?

Вольга Шарстабітава: Была больш-менш нармальная праца, калі людзі збіралі дзяцей у школу, а таму шмат якія рэчы набывалі менавіта на рынку. А восенню ніхто нічога асабліва і не купляе. Тым больш, што ў народа грошай хапае толькі на самае неабходнае, і ніхто не думае, каб купляць сабе нешта новае. Паўтаруся, купляюць толькі самае неабходнае.

РР: Па ўмовах працы прадпрымальнікаў ёсць нейкая канкрэтыка?

Вольга Шарстабітава: Усё застаецца на ранейшых умовах, хаця працоўная група нешта там выпрацоўвае. У нас у хуткім часе адбудзецца чарговы форум прадпрымальнікам, там ізноў будзем абмяркоўваць праблемы, якія застаюцца. Бо сёння кантралёры, калі захочуць аштрафаваць кагосьці з прадпрымальнікаў, зробяць гэта без асаблівай цяжкасці. Заўсёды можна нешта знайсці, каб папоўніць дзяржаўную кішэню.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя