Трэці Усходні эканамічны кангрэс ў Беластоку (абноўлена)



Абмеркаванне важных бізнес-праблемаў, сустрэчы і дзелавыя кантакты. У Беластоку завяршыўся Трэці Усходні эканамічны кангрэс, на які прыехала больш за тысячу гасцей з Польшчы, Беларусі, Літвы, Грузіі і нават Кітая. Была і прадстаўнічая дэлегацыя з беларускіх бізнес-колаў. Пра перспектыўныя кірункі польска-беларускіх кантактаў расказаў старшыня прэзідыума рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Беларусі Уладзімір Карагін:

– Мы можам даць разуменне беларускага рынку, бо ў Польшчы ў бізнеса ёсць шмат неразумення некаторых сітуацый, звязаных як з беларускім рынкам, так і з рынкам Еўразійскага эканамічнага саюза, дзе мы вядзём актыўную палітыку. І мы маглі б адкрыць сёння для польскіх кампаній выхад на Расею, Казахстан,  і далей – на Інданэзію, Кітай, Пакістан, Індыю, В’етнам. Падпісваюцца асацыятыўныя дамовы – гэта будзе вельмі вялікі рынак.

Ствараючы прадпрыемствы ў Беларусі, польскія кампаніі таксама змогуць выйсці на гэтыя рынкі, – падкрэслівае Уладзімір Карагін.

* * *

«Польшча — добрая пляцоўка для абмеркавання»,— кажа Уладзімір Карагін, cтаршыня прэзідыума рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Беларусі, які спадзяецца, што польская палітыка адносна беларускага бізнесу не зменіцца.

— Адчуванні даволі супярэчлівыя. З аднаго боку новае палітычнае кіраўніцтва адкрытае на нейкія крэатыўныя рашэнні: яно цяпер пайшло на большы кантакт з Беларуссю. Мы бачым, што ўжо няма тых палітычных перашкодаў і кіраўніцтва Беларусі, прынамсі міністры, сустракаюцца прыязджаюць, размаўляюць — і гэта вельмі важна.

Каля тысячы бізнесоўцаў, палітыкаў з усёй Польшчы ды Еўропы, інвестараў ды экспертаў на працягу двух дзён у Беластоку дыскутуюць на тэмы эканамічнага развіцця рэгіёну.

Падляшскі рэгіён надзвычай зацікаўлены ў тым, каб праект «Новы шаўковы шлях» ажыццявіўся. Пра гэта кажа маршалак Падляшскага ваяводства Ежы Ляшчыньскі.

— І Падкарпацкае і Люблінскае і Падляшскае ваяводства хочуць скарыстацца гэтым. Таму мы робім усе захады, асабліва да ўраду, каб чыгуначная і дарожная інфраструктура і памежныя пераходы адпавядалі яшчэ і тым інвестыцыям, якія рэалізоўваюцца з беларускага боку ў гэтай сферы. Ну і таксама мы хочам на гэтым транзіце зарабіць.

«Галоўнае — гэта загадзя падрыхтаваць усю неабходную інфраструктуру, і ў гэтым выпадку новыя гандлёвыя шляхі будуць абавязкова праходзіць праз нашу краіну», — заўважае ў сваю чаргу кіраўнік Адміністрацыі Свабоднай эканамічнай зоны «Гроднаінвест» – Сяргей Ткачэнка:

— У гэтай сувязі мы шчыльна працуем і над сваімі праграмамі і цяпер ідзе рэканструкцыя аўтамагістралі Гародня- Менск. Працягваецца і пачынаецца будаўніцтва лагістычных цэнтраў на мяжы. Складаецца інфраструктура, неабходная для таго, каб бізнесу былі выгодныя і зразумелыя правілы гульні перш за ўсё ў лагістычнай дзейнасці. 

«Новы шаўковы шлях» — гэта вялікі праект, агучаны кітайскім кіраўніцтвам у 2013 годзе. Кітай намераны будаваць дарогі, парты, электралініі, лагістычныя цэнтры, каб значна павялічыць паток сваіх тавараў у краіны Еўразвязу. Сухапутная частка шляху мае прайсці праз Цэнтральную Азію, Расею, Беларусь і Польшчу.

14369893_1073994969344953_6712265782196619947_n

Асноўную дэлегацыю бізнесоўцаў збірала рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва з Менску, але ў складзе дэлагацыі і прадстаўнікі з рэгіёнаў. Беларусы на кангрэс прыехалі, каб наладзіць супрацоўніцтва, а таксама з больш канкрэтнымі мэтамі.

14449902_1073995196011597_6951728826022287392_n

Галоўны ўрач Гарадзенскага абласнога клінічнага цэнтра псіхіятрыі, наркалогіі Максім Варанко.

РР: З якой мэтай вы сюды прыехалі?

– Каб знайсці партнёраў з якімі можна зрабіць нейкія праекты для таго, каб палепшыць магчымасці прыбывання нашых пацыентаў, атрымаць нешта з абсталявання.

14370085_1073996559344794_1387396309434987966_n

Генеральны дырэктар Бел-Пласт Інтэрнэшнл Анатоль Вялікін:

– Беларуска-польскае сумеснае прадпрыемства. Дзякуючы таму, што мы сумеснае прадпрыемства і наш партнёр  кампанія з горада Бельска-Бяла, ёсць магчымасць развівацца.

14359015_1073996469344803_1865952777952547088_n

(Фота facebook.com/WschodniKongresGospodarczy)

Каля тысячы бізнесоўцаў, палітыкаў з рэгіёну, усёй Польшчы ды Еўропы, інвестараў ды экспертаў на працягу двух дзён будуць дыскутаваць на самыя розныя тэмы.

img_1012

Найважнейшыя дэбаты маюць датычыць трансгранічных праектаў супрацоўніцтва, небяспекі для еўрапейскай стабільнасці, а таксама энергетыкі, рынку аховы здароўя, турызму і гэтак далей. Як адзначае прэзідэнт Беластока Тадэвуш Трускаляскі, немагчыма ўявіць кангрэсу без удзелу бліжэйшай суседкі Польшчы – Беларусі:

— Сама назва гаворыць пра тое, што гэта — Усходні эканамічны кангрэс, а значыць, прамоцыя на Усход. З іншага боку фірмы, якія могуць прыязджаць і з Беларусі і з Украіны тут маюць добрыя умовы для таго, каб весці эканамічныя перамовы. Беларускі бок заўсёды быў вельмі актыўны, бо мы — найбліжэйшыя суседзі, і мяркую, што эфект гэтай супрацы бачны штодня.   

Беларусь спадзяецца на большую актывізацыю эканамічнай супрацы з Польшчай. Генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Беластоку Ала Фёдарава з аптымізмам глядзіць на далейшае развіццё двухбаковых польска-беларускіх эканамічных кантактаў:

— Я думаю, што дадзены вельмі добры старт на вельмі высокім узроўні, таму ён абавязкова прывядзе да вялікага штуршка ў гандлёва-эканамічным плане, у сувязях. І для малых і для сярэдніх прадстаўнікоў бізнесу тут проста вельмі вялікая магчымасць рэалізаваць сябе ў гэтай супрацы.

img_1006

Старшыня Гандлёва-прамысловай палаты ў Беластоку Вітальд Карчэўскі кажа, што польскія прадпрымальнікі таксама настроеныя на добрыя і шчыльныя стасункі з Беларуссю. Аднак у гэтым яшчэ ёсць шэраг перашкодаў:

— Так склалася, што ёсць палітычны клімат і паляпшэнне польска-беларускіх дачыненняў: бачная падтрымка і з аднаго і з другога боку. Але стан эканомікі Беларусі крыху ўскладняе гэты абмен, бо не ўсе прадпрыемствы маюць фінансавыя магчымасці, не ўсім банкі могуць даць крэдыт.

«Усходні эканамічны кангрэс – гэта добрая пляцоўка для навязвання новых бізнес-кантактаў», — дадаў Вітальд Карчэўскі. Таксама ён адзначыў важнасць таго, што ў час кангрэсу сярод галоўных тэмаў значыцца вялікі Шаўковы шлях, на які польскія прадпрымальнікі таксама ўскладаюць вялікія спадзяванні.

img_1017

img_1014

«Палітычная і эканамічная сітуацыя змяняецца, а таму кангрэс штогод таксама закранае актуальныя тэмы», — кажа арганізатар, старшыня польскага таварыства падтрымкі прадпрымальніцтва Войцех Кусьпік:

— Мы стараемся шукаць такія тэмы, якія з гледзішча прадпрымальнікаў сапраўды актуальныя. То бок, дакладна харчовая прамысловасць, пытанні інфраструктуры, пытанне новага Шаўковага шляху, білатэральная супраца паміж польскімі і беларускімі і літоўскімі прадпрымальнікамі. Мы хочам шукаць шляхі супрацоўніцтва.

Цягам двух дзён у рамках кангрэса пройдуць дыскусіі, якія закранаюць розныя аспекты рэгіянальнага эканамічнага супрацоўніцтва

Усходні эканамічны кангрэс пройдзе 22-23 верасня ў будынку Падляшскай оперы і філармоніі ў Беластоку. Кангрэс традыцыйна суправаджаюць дадатковыя мерапрыемствы, сярод якіх —узнагароджанне пераможцаў конкурсаў на найлепшыя інвестыцыі і найлепшых працадаўцаў ва Усходняй Польшчы.

Беларускае Радыё Рацыя