Ганна Шарэнда: З бязвізавым рэжымам не ўсё так проста



Намесніца дырэктара адной з гарадзенскіх турыстычных фірмаў Ганна Шарэнда не падзяляе аптымізу з польскага боку наконт уводзінаў бязвізавага рэжыму для ахвотных наведаць Аўгустоўскі канал на беларускім баку мяжы.

шарэнда ганна

Пытанне ў тым, колькі будзе каштаваць пропуск, як будзе арганізавана праца памежнікаў. Кажа Ганна Шарэнда:

– Я б не была такой аптымісткай, што ў Гародню ажно валам паваляць турысты. Не ўсё так проста з гэтым указам. Замест візы трэба атрымаць пропуск, які дае Памежны камітэт. А той дае гэты пропуск не проста так: павінна быць цалкам распісаная праграма. Пры гэтым, калі людзі прыязджаюць у Гародню, гэта не больш за 5 працоўных сутак. А калі са святамі, то атрымліваецца сем. Да таго ж пакуль невядома, колькі будзе каштаваць такі пропуск. Магчыма, ён будзе даражэйшы за візу. І тады паўстане пытанне: ці ёсць сэнс ехаць?

Як паведамлялася раней, для іншаземцаў для наведвання Аўгустоўскага канала будзе дзейнічаць бязвізавы ўезд у Беларусь. Адпаведны ўказ Аляксандр Лукашэнка падпісаў 23 жніўня. Дакумент усталёўвае бязвізавы парадак уезду на тэрыторыю Беларусі і часовага знаходжання ў турыстычных мэтах на тэрмін да пяці сутак у спецыяльным турыстычна-рэкрэацыйным парку „Аўгустоўскі канал” і на прылеглых да яго тэрыторыях. Указ дзейнічае да 31 снежня 2017 года з магчымасцю прадаўжэння на нявызначаны тэрмін. Палажэнні ўказа будуць дзеіць праз два месяцы пасля яго афіцыйнага апублікавання.

Слухайце поўную гутарку з Ганнай Шарэндай у далучаным гукавым файле.

Беларускае Радыё Рацыя