Ці зацікавяць інвестараў беларускія радовішчы нафты?
Эканаміст Барыс Жаліба распавёў пра патэнцыйных інвестараў, якія могуць прыйсці ў Беларусь.
Упершыню ў Беларусі інвестарам для далейшай распрацоўкі прапаноўваюцца два радовішчы нафты з пакладамі каля 400-500 тысяч тон, пра што заявіў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Каўхута. Ці зацікавіць інвестараў такая прапанова?
Барыс Жаліба: Некалі ж Лукашэнка сказаў, што, па яго адчуванні, у Беларусі “павінна прарваць нафтай і газам”. Але па сваёй асабістай інтуацыі, думаю, што ў нас вялікіх радовішчаў не знойдуць. Тэрыторыя краіны не вельмі вялікая – гэта ж не Заходняя Сібір з месцамі, дзе яшчэ не ступала нага цывілізаванага чалавека. Там і насамрэч ёсць што шукаць. А ў Беларусі здабыча нафты ў лепшыя гады дасягала 2 тысяч тон у год. А зараз, можа быць, і паўтары не набярэм. Я не кажу, што новыя радовішчы не трэба распрацоўваць, але гэтыя праекты, скажам так, не маштабныя, і сур’ёзныя інвестары наўрад ці гэтым зацікавяцца.
РР: Тады ў якія сферы найперш трэба запрашаць інвестараў беларускім уладам?
Барыс Жаліба: У тыя, на чым мы спецыялізуемся – транспартнае машынабудаванне. Там ужо ёсць пэўныя напрацоўкі, але трэба падняць узровень беларускай прадукцыі, каб яна была канкурэнтаздольнай. Вось тут галоўная праблема, бо сур’ёзныя інвестары з сучаснымі тэхналогіямі да нас не ідуць. А распрацоўка нафтавых радовішчаў – справа трэцяя.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя