На канферэнцыі АБСЕ ў Варшаве абмяркоўваюць вынікі выбараў у Беларусі



У Варшаве праходзіць шматдзённая канферэнцыя-нарада па правах чалавека.

dscn5066

У рамках яе адбылася панельная дыскусія на тэму таго, як паўплываюць вынікі беларускіх выбараў на дыялог Беларусь-Еўразвяз па правах чалавека.

dscn5063

Сярод выступоўцаў быў праваабаронца Алесь Бяляцкі:

— Тое, што ў беларускі парламент трапілі 2 дэмакратычныя дэпутаты па разнарадцы прэзідэнта, гэта па вялікім рахунку нічога не мяняе. Нягледзячы на аб’ектыўную ацэнку гэтых выбараў боку назіральнікаў АБСЕ, мне здаецца, што пэўныя еўрапейскія палітыкі, прадстаўнікі асобных дзяржаваў, рады падманвацца. Таму, я думаю, што гэта спрацуе ў пэўнай ступені на легітымізацыю гэтага парламента.

Алесь Бяляцкі таксама дадаў, што такая практыка вядомая на прыкладзе Азербайджана, дзе ў парламенце шмат год прысутныя па 3-4 дэмакратычных кандыдаты, але не з ліку апазіцыйных лідараў. Гэта служыць мэце легітымізацыі нелегітымных выбараў.

dscn5074

Уладзімір Лабковіч з арганізацыі «Праваабаронцы за свабодныя выбары»  расказаў на канферэнцыі АБСЕ пра эвалюцыю выбарчага працэсу ў Беларусі

— Мы заўважылі толькі адно паляпшэнне. Гэта працэдура рэгістрацыі кандыдатаў. Яна сапраўды палепшылася. У параўнанні з мінулымі выбарамі адмоваў у рэгістрацыі стала значна менш. Кандыдатам стаць проста, а вось абмежаванні ў агітацыйнай кампаніі, а потым і ў галасаванні, і ў падліку галасоў робяць усе гэтыя мінімальныя паляпшэнні абсалютна нязначнымі.   

Уладзімір Лабковіч дадаў, што галоўнай адметнасцю мінулых выбараў стала цалкам сфальсіфікаваная яўка, а малы рэальны ўдзел выбаршчыкаў прыводзіць да дэградацыі выбарчага працэсу.

Станіслаў Раманчук, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава