Генадзь Фядыніч: Каб перамагаць, трэба аб’ядноўвацца



Кампанія па выбарах у Палату прадстаўнікоў прайшла. Што далей? Пра гэта разважае старшыня Беларускага прафсаюзу працоўных Радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч у размове з карэспандэнтам Беларускага Радыё Рацыя:

РР: Скончылася выбарчая кампанія ў Палату прадстаўнікоў, у якой незалежныя прафсаюзы ўдзелу не прынялі. Ці не лічыце Вы гэта памылкай?

Генадзь Фядыніч: Па выніках выбараў можна сказаць, што гэта было правільнае рашэнне. І зараз як бы прадстаўнікі апазіцыі не гаварылі, што яны хадзілі ў народ і распавялі аб тым, што няма ніякіх выбараў, гэта не пераконвае. За рэдкім выключэннем, ніхто з іх не зняўся. Такім чынам, на мой погляд, яны проста дапамаглі ўладзе легалізаваць гэтыя выбары, якіх, безумоўна, не было. Не было яўкі. І зараз  казаць Захаду, што былі фальсіфікацыі, не вельмі пераканаўча. Так, яны былі. Але ж вы ўдзельнічалі, на нешта вы разлічвалі, разлічвалі трапіць у парламент. І два чалавекі нават трапілі. Але па вялікаму рахунку, нічога не зменіцца, пакуль гэты рэжым будзе існаваць. І людзі сваімі нагамі зрабілі высновы – і не пайшлі на выбары. Таму  ўлады вымушаны былі іх фальсіфікаваць.

РР: Адна з памылак апазіцыі, пра якую і самі актывісты шмат кажуць, гэта тое, што дэмакратычныя сілы, не такія моцныя і не такія шматлікія, не аб’ядналіся, нават не дамовіліся, каб па адной акрузе балатаваўся толькі адзін дэмакратычны кандыдат. Таму на адных акругах было зашмат дэмакратаў, на іншых – нікога.  І ўлады гэта выкарысталі, напрыклад, на акрузе, дзе балатавалася Таццяна Караткевіч і прадстаўніца Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая.

Генадзь Фядыніч: Улады паказалі той жа Караткевіч, умоўна, у двукоссі – дзе ваша месца. Мы сёння ва ўладзе, і будзем рабіць тое, што лічым патрэбным ці выгадным. Канешне, у кожнай партыі,  руха ёсць свае погляды, свае статуты. Але ёсць і нешта, вышэйшае за статуты – лёс краіны. І гэта павінна быць галоўным. Таму і трэба аб’ядновацца, трэба навучыцца дамаўляцца ўрэшце рэшт. Хто не навучыцца дамаўляцца, хай ідзе сваім шляхам. Але грамадства павінна ведаць пра тое, што гэтая арганізацыя ці партыя недамоваздольная.

РР: Што перашкаджае аб’яднацца і што трэба рабіць, каб гэтыя перашкоды пераадолець?

Генадзь Фядыніч: Я лічу, што калі не здолеюць дамовіцца лідары, то будуць дамаўляцца людзі ў рэгіёнах. Тыя, у каго іншы ад кіраўніцтва погляд на аб’яднанне. Галоўнае, каб у гэтым кірунку ўвесь час ішла праца. І трэба пачынаць з маленькага. Людзі пойдуць за тымі,  хто дасягае хаця б маленькіх перамог.  Трэба рабіць пазітыў. Калі прасцей гэта зрабіць у рэгіёнах, трэба падключаць рэгіёны. Сканцэнтравацца ўсім, напрыклад, на адным з рэгіёнаў і зрабіць там тое, што да сённяшняга часу не рабілася. Гэта ці дапамога людзям у іх сацыяльных праблемах, ці ў палітычных праблемах. Канешне, ва ўсёй  краіне ў нас не атрымаецца „пацягуць” такі эксперымент. Але калі зрабіць яго ў адным месцы, у другім, то людзі павераць, што разам мы можам зрабіць больш, чым паасобку.

РР: Улады да выбараў неяк стрымліваліся ад жорсткіх рэпрэсій. А што будзе зараз? 

Генадзь Фядыніч: На мой погляд, яны і яшчэ будуць стрымлівацца, пакуль не атрымаюць наступны транш ці ад МВФ ці ад Еўрапейскага банка развіцця. Гэта іх пакуль спыняе. Хаця, думаю, злобу адносна апазіцыі трымаюць вялікую. І вельмі добра, што апазіцыя выкарыстоўвае гэтую паўзу ў рэпрэсіях і праводзіць мерапрыемствы накшталт акцый у падтрымку нацыянальнага сцяга. Людзям гэта вельмі даспадобы. Але ж, я думаю, трэба рыхтавацца не да лепшага. Як бы не гаварылі, што рэжым слабы, але ўсё ж моцы падавіць невялікую ініцыятыву таго ці іншага кірунку ва ўлады хопіць. І мы гэта ведаем і ўлада гэта ведае. Каб такога не здарылася, трэба аб’ядноўвацца і выводзіць на акцыі па 5 – 10 тысячаў грамадзянаў разам. Гэта па сілам. 

РР: А якія пасля выбараў настроі ў працоўных калектывах?  Ці падтрымаюць? У гэтым годзе адзанчаліся масавыя пратэсты ў Беларусі. Зараз нічым падобным нават і не пахне, хаця эканамічны стан людзей нездавальняючы.

Генадзь Фядыніч: Як ідзе ў краіне, так ідзе і ў калектывах. Няма аб’яднання ў краіне, няма яго і ў калектывах. Зараз кожны выжывае паасобку. Безумоўна, людзі шукаюць дадатковую працу, прыхопліваюць і суботы, калі ёсць праца. Але чакаю, што працэс скарачэнняў паскорыцца. І тая праграма 50 тысячаў новых працоўных месцаў, якая заяўлена ўрадам, безумоўна, не спрацуе. Прасцей знайсці добрыя месцы для экс-дэпутатаў „палаткі”, чым для простага чалавека. Асабліва  ў раённых гарадах. Нават у Менску цяжка знайсці, а самае цяжкае – гэта раёны. Там зусім няма працы, і з людзьмі ніхто не лічыцца. Вось і над гэтым нам трэба думаць усім разам.

РР: У беларускага кіраўніцва вельмі абвастрыліся стасункі з кіраўніцвам Расеі з-за коштаў на газ, з-за недапаставак нафты. Як моцна гэта можа адбіцца на працы беларускай эканамікі?

Генадзь Фядыніч: Калі гаварыць аб такіх буйных прадпрыемствах, як напрыклад, Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод, то можна прывесці параўнанне з вялікай 10-тоннай машынай, якую загружаюць толькі 1 тонай. Так і на камбінаце. Нафты няма і яе пастаўкі яшчэ скарачаюцца. Там тэхналогія прадугледжвае працу ў 3 змены, яе нельга перарваць. Даюць мінімум нафты, каб толькі не спыняць вытворчасці. Але трэба памятаць, што 46 адсодкаў акцый прадпрыемства належыць расейскім фірмам. Мабыць стане пытанне, каб аддаць ім кантрольны пакет і тады пойдзе нафта. Будзе гандль. Але, я думаю, што набліжаецца час, калі Расея адмовіцца рабіць крокі насустрач патрабаванням кіраўніцтва Беларусі. Можа і пойдзе на нейкія саступкі, але будзе жорстка патрабаваць наўзамен нешта тое, што да сённяшніх часоў Беларусь адмаўлялася даваць Расеі. Гэта, ў першую чаргу, датычыцца дзяржаўнай маёмасці, тых заводаў, якія сёння яшчэ наплыву і працуюць з прыбыткам. Рэальнасць прымушае лічыцца з такім развіццём сітуацыі. Вось і была такой рэзкай рэакцыя прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. Гэта, безумоўна, не крык душы, а, хутчэй за ўсё, словы, разлічаныя на публіку. Але ж народ ужо даўно гаворыць, – што ні Еўразійскі саюз, ні двухбаковыя саюзныя дамовы з Расеяй нічога не даюць. А калі не  грамадству, то каму яны даюць карысць? Інтарэсы грамадства павінны ўлічвацца ў першую чаргу… Беларускі рэжым ніколі не пойдзе на тое, каб перакрыць стаункі з Расеяй нейкімі іншымі. Проста няма такой магчымасці. І з гэтым таксама трэба лічыцца. Таму што ўсё вельмі цесна завязалася з Расеяй за гэтыя больш чым 20 гадоў улады Лукашэнкі. Але ж трэба дзейнічаць, на першым плане маючы сваю выгаду. Калі выгадна рабіць нешта на Захадзе, мы павінны з Захадам працаваць. Калі з Расеяй выгадна, то павінны супрацоўнічаць з Расеяй. З Украінай, значыць, з Украінай.

РР: Лукашэнка, здаецца, так і спрабуе. Наладжвае адносіны з Захадам. Супрацоўнічае і гандлюе з Украінай.

Генадзь Фядыніч: Гэта мітусня. Кірункі супрацоўніціва павінны мець дасканала распрацаваныя і абгрунтаваныя праекты. Каб яны стабільна працавалі і прыносілі прыбытак тым, хто прафінансаваў іх. І аданчасова давалі новыя працоўныя месцы людзям. А гэтая мітусня, — калі нешта з Расеяй кепска, то я іду на Захад. З Захадам не атрымліваецца, іду да Расеі. Гэтая мітусня ўсім зразумелая. Гэта ўжо не палітыка нават. Пошук грошай робіць палітыку. А ад  гэтага тоькі горш становіцца людзям. Пакуль не зменяцца палітычныя абставіны ў Беларусі, інвестар сюды не пойдзе. І гэта павінны ведаць людзі. А інвестар – гэта новыя працоўныя месцы, новыя тэхналогіі. Зараз пайшлі звесткі, што Еўразвяз дае нейкія грошы ў сувязі з павелічэннем хвалі міграцыі. Але гэта не тое, гэта не выратоўвае. Няма паслядоўнай палітыкі ў кіраўніцва дзяржавы, ураду. Была б яна паслядоўнай і прагматычнай, так  адносіны і з Расеяй, і Захадам былі б іншымі, больш зразумелымі і прагназуемымі. А здарылася так,  што рэфармавання эканомікі не адбылося, і мы трапляем у залежнасць. Вось зараз МВФ паставіць пытанне, каб насельніцва плаціла 100 адсодкаў за камунальныя паслугі, тады і дадзім Беларусі 3 – 4 міліярды. І ўрад, не выключана, пойдзе на гэта. А як будзе жыць народ? І гэта з-за таго, што няма паслядоўнай, зразумелай палітыкі.

І пакуль яе не будзе, улада застанецца сама па сабе, а грамадства само па сабе. І прорва паміж імі толькі пашырыцца, – упэўнены Генадзь Фядыніч.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота novychas.by