У жанры жорсткага „Порту”



Футбалісты БАТЭ з разгромнай паразы стартавалі ў групавой стадыі Лігі чэмпіёнаў, прапусціўшы ў гасцях ад партугальскага „Порту” ажно шэсць мячоў. Асабліва ўдала матч склаўся для Браімі, які забіў БАТЭ тры мячы. У гісторыі клуба гэта ўжо чацвёртая спроба сіл у асноўным раўндзе галоўнага клубнага турніру Еўропы. Але ніколі раней БАТЭ не трываў такіх зневажальных няўдач. Гэта самая буйная параза ў гісторыі выступаў БАТЭ ў групавой стадыі Лігі чэмпіёнаў. Нават іспанскай „Барселоне” 28 верасня 2011 года “батээраўцы” саступалі сціплей 0:5 Наогул жа ў еўракубкавай біяграфіі БАТЭ былі не менш балючыя прыніжэння. Прыкладам, у жніўні 1999 году ў кваліфікацыі Кубку УЕФА барысаўчане прайгралі на хатняй арэне маскоўскаму „Лакаматыву” з лікам 1:7.

У гэтым жа квартэце „Атлетык” з Більбао і данецкі „Шахцёр” згулялі ўнічыю з нулявым лікам.

Маскоўскі ЦСКА таксама пацярпеў разгромную паразу ад італійскай „Ромы” ў матчы першага тура групавога этапу Лігі чэмпіёнаў. Сустрэча, якая праходзіла ў Рыме, завяршылася з лікам 5:1 на карысць апенінцаў. „Армейцы” прапусцілі адразу чатыры мячы ў першыя паўгадзіны матчу. На шостай хвіліне вызначыўся Хуан Ітурбэ, затым двойчы забіў Жэрвіньё, а таксама голам адзначыўся абаронца Майкон. На старце другога тайма аўтагол на свой ​​рахунак запісаў футбаліст расейскага клуба Сяргей Ігнашэвіч. Пад заслону сустрэчы „голам прэстыжу” вызначыўся форвард ЦСКА Ахмед Муса, усталяваўшы канчатковы лік – 5:1. У паралельным матчы групы Е мюнхенская „Баварыя” абыграла англійскі „Манчэстэр Сіці” 1:0. Адзіны мячу самым канцы матчу забіў абаронца Джером Баатэнг.

Таксама першыя гульні адбыліся ў квартэтах F, G і Н. „Барселона” аднаасобна ўзначаліла групу F дзякуючы перамозе над кіпрскім АПОЭЛам 1:0 і нічыі паміж „Аяксам” і ПСЖ 1:1. У квартэце G абодва матчы завяршыліся ўнічыю: „Чэлсі” згуляў з „Шальке” 1:1, з такім жа лікам скончылася сустрэча паміж славенскім „Марыбарам” і „Спортынгам”.

Беларускае Радыё Рацыя