Суд над Эдуардам Пальчысам пачнецца ў сярэдзіне кастрычніка
14-га кастрычніка Менскі гарадскі суд пачне разгляд крымінальнай справы заснавальніка і аўтара сайта 1863x.com Эдуарда Пальчыса.
Пра гэта «Радыё Свабода» паведаміла жонка Эдуарда Вікторыя Пальчыс, якой прыйшла позва з’явіцца ў суд у якасці сведкі. Яна сказала, што Эдуард перадаў праз адваката, што спадзяецца на адкрыты працэс.
Ці перавядуць Пальчыса са следчага ізалятара ў Жодзіне ў менскае СІЗА на Валадарскага, пакуль невядома.
Блогер Эдуард Пальчыс, вядомы ў інтэрнэце пад імем «Джон Сільвер», публікаваў на сайце 1863х.com, сярод іншага, матэрыялы, у якіх даваліся крытычныя ацэнкі палітыкі Расеі ў дачыненні да Беларусі і Украіны. У пачатку года Эдуарда Пальчыса арыштавалі ў Расеі і выдалі Беларусі.
Эдуарда Пальчыса абвінавачваюць у «распальванні расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці ці розні» і «распаўсюдзе парнаграфічных матэрыялаў». За «распальванне варожасці» Пальчысу пагражае арышт на тэрмін да шасці месяцаў або абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў, а за „распаўсюд парнаграфіі» – пазбаўленне волі на тэрмін ад 2 да 4 гадоў.