Таццяна Караткевіч: Збіраюся ізноў балатавацца ў прэзідэнты
Былая кандыдатка ў прэзідэнты і ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Таццяна Караткевіч распавядае пра паразу на парламенцкіх выбарах, фальсіфікацыі і намер удзельнічаць у наступных прэзідэнцкіх выбарах.
Таццяна Караткевіч: Так, я не патрапіла ў парламент, але, думаю, тут большую крыўду адчуваюць грамадзяне, якія галасавалі за мяне. Праўда, не лічу гэта паразай, бо ў выніку перамагла стратэгія кампаніі “Гавары праўду”. Менавіта наша кампанія настойвала, каб парламент быў прадстаўлены апазіцыяй, мы год пра гэта казалі паўсюль, ва ўсіх кабінетах. Так, падчас выбараў я не атрымала персанальную перамогу (у гэтай акрузе перамагла прадстаўніца Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая – Аўт.), але тут ёсць больш значная перамога дэмакратычных сілаў. А мы будзем і надалей працаваць, бо бачым, што шлях у палітыцы можа быць паспяховым. Для мяне відавочна, што гэтыя выбары былі крокам наперад. У нашай кампаніі ёсць новая каманда кандыдатаў, якія задаволены сваёй працай і якія застануцца працаваць у сваіх акругах. Я, дарэчы, таксама па-ранейшаму сустракаюся са сваімі выбаршчыкамі. Зараз будзем рыхтавацца да кампаніі ў мясцовыя саветы.
РР: Вы перадалі Аб’яднанай грамадзянскай партыі факты прарушэнняў падчас выбараў у вашай з Ганнай Канапацкай акрузе. Чаму зрабілі гэта пасля таго, калі па тэрмінах нельга было ўжо перадаць гэтыя факты ў Цэнтрвыбаркам? І чаму самі не абскарджвалі? Можа такім чынам вырашылі падначыць вашую нядаўнюю суперніцу?
Таццяна Караткевіч: Я і раней казала, што, калі прадстаўніца АГП возьме дэпутацкі мандат, то я не буду афіцыйна абскарджваць вынікі выбараў. Каб не выглядала, што і так слабая апазіцыя адзін аднаго яшчэ і падстаўляе. Сёння варта разумець, што і мандат Ганны Канапацкай, і Алены Анісім – гэта магчымасць працаваць з людзьмі. Потым мы заўважылі зварот АГП, у якім адзначалася зацікаўленасць даследваць выпадкі, па якіх былі факты фальсіфікацый. Так, у ЦВК ужо нельга абскардзіць, але можна дамагчыся, каб людзі, якія парушалі заканадаўства, былі прыцягнуты да адказнасці. Чаму мы перадалі факты фальсіфікацый у АГП? Таму што была праведзена вельмі вялікая праца па назіранні на ўсіх участках, людзі ўсё бачылі сваімі вачыма. Па-другое, трэба было паказаць людзям, што нам не ўсё роўна, што робіцца і трэба шукаць магчымасці дабівацца справядлівасці рознымі шляхамі.
РР: Вы кажаце пра фальсіфікацыі і да гэтага часу лічыце, што перамагчы на выбарах можна ў сумленнай барацьбе?
Таццяна Караткевіч: Улада паказала на парламенцкіх выбарах, што яна ўсё хоча кантраляваць. І, мне падаецца, гэта былі сапраўды вельмі гістарычныя выбары. А тое, што адбылося ў маёй акрузе, павінна стаць урокам для ўлады, што наступныя выбары нельга фальсіфікаваць. Людзі павінны цікавіцца выбарамі, яны павінны ведаць, што іх голас чагосьці варты.
РР: Гэта вам хацелася б, каб так было. Але ці згодны, што такога прынамсі ў бліжэйшай будучыні не будзе?
Таццяна Караткевіч: Як мы можам так казаць пра будучыню? Калі мы нічога не будзем рабіць, ігнараваць усё, то ўсё і застанецца па-ранейшаму. Улада мае велізарны рэсурс маніпуляваць любымі вынікамі…
РР: Дык я вам пра гэта і кажу…
Таццяна Караткевіч: І я кажу, што нам нельга з гэтым пагаджацца, таму трэба ўдзельнічаць у выбарах. Бо той запас людзей, якія не ходзяць на выбары, дазваляе ўладам кантраляваць не толькі працэс, але і вынік.
РР: Але ж вы прымаеце ўдзел у гульні, якая ідзе не па вашых правілах. Ці не так?
Таццяна Караткевіч: Гэтая гульня – наша жыццё, наша будучыня. Як гэта не ўдзельнічаць у выбарах? Гэта ж вельмі сур’ёзна. Можа вам і падаецца, што гэта ні на што не ўплывае, але ж трэба вяртаць каштоўнасць свайго голаса. А вярнуць можна толькі сваім удзелам.
РР: Кажуць, што ўлады не прапусцілі Таццяну Караткевіч у парламент, каб адпомсціць ёй за тое, што яна не павіншавала з перамогай Лукашэнку пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў.
Таццяна Караткевіч: Пагаджуся, што была нейкая прэвентыўная мера ў адносінах да мяне. Я разумею, што палітыка – гэта вельмі сур’ёзна. І людзі гэта бачылі. Таму лічу, што мне варта працягваць працу.
РР: Ці будзеце вы ўдзельнічаць у наступных прэзідэнцкіх выбарах?
Таццяна Караткевіч: Наша кампанія сказала, што абавязкова прыме ўдзел.
РР: Але сваю кандыдатуру ці будзеце вылучаць?
Таццяна Караткевіч: Збіраюся.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота nn.by