У Воршы адбыўся першы ў Беларусі турнір па дваровым футболе



Першы ў Беларусі турнір па дваровым футболе з ліпеня па верасень праходзіў у Воршы. Пераможцам стала каманда “Алмаз”, якая ў фінале ўпэўнена з лікам 18:2 перамагла “Сельхоз Юнайтэд”, а бронзавыя медалі заваявалі гульцы “Раніцы”, якіх многія лічылі галоўнымі фаварытамі турніру.

4

Каманда пераможцаў — „Алмаз” разам з прафесійным футбалістам Мікалаем Кітаёвым

У матчы за трэцяе месца “Раніца” перамагла “Васток” (калектыў заявіўся на турнір менавіта з такім напісаннем) 12:3. Узнагароджваць трох прызёраў – “Алмаз”, “Сельхоз Юнайтэд” і “Раніцу” прыехаў Мікалай Кітаёў – адзін з лепшым бамбардзіраў 1-й і 2-й футбольных ліг краіны і адначасова самы папулярны гулец мясцовага футбольнага клуба “Ворша”. Па словах Кітаёва, ён не чакаў ад пераможцаў турніру такога спрыту і адзначыў, што “Алмаз” цяжка перамагчы менавіта з-за моцнага калектыву. Дарэчы, за ўвесь турнір чэмпіёны правялі 10 матчаў і выйгралі кожны з іх.

15

Фрагмент фінальнага матча

Разнастайныя аматарскія турніры праводзяцца ў Беларусі ўжо даўно. Напрыклад, у Гомелі свае спаборніцтвы праводзіць кампанія “Хопіць піць – трэба жыць”, у Івацэвічах, Менску і іншых гарадах праводзіліся і праводзяцца так званыя DIY-турніры (ад ангельскіх словаў “Do It Yourself” (“Зрабі гэта сам”). Але аршанскі турнір стаў першым у краіне, які насіў менавіта назву дваровага і да ўдзелу запрашаліся каманды з усяго горада і без абмежаванняў па ўзросце. Гэта прынесла пэўныя нязручнасці ў выглядзе пары буйных разгромаў, затое дазволіла сабраць пры зусім невялікай рэкламе цэлых 15 камандаў. Ды і каманды, якія прайгралі з буйным лікам пару матчаў, працягвалі ставіцца да справы з энтузіязмам, адзначаюць арганізатары.

Ладзіла турнір аршанскае моладзевае грамадскае аб’яднанне “Звяз”. Адзін з арганізатараў, Дзяніс Дубкоў у інтэрв’ю “Радыё Рацыя” адзначыў некаторыя хібы турніру, які завяршыўся, але пры гэтым паведаміў, што для дэбюту змаганні футбалістаў былі сапраўды паспяховымі:

— Адной з праблемаў было тое, што мы як арганізатары не здолелі зрабіць татальнага кантролю за спісамі гульцоў, якія прымалі ўдзел у турніры. У выніку некалькі каманд выйшлі за ліміт 10 заяўленых першапачаткова футбалістаў і звярнуліся па дапамогу да пары-тройкі іншых гульцоў. У наступны раз варта будзе больш пільна адсочваць заявачныя спісы каманд. Таксама я лічу, нам неабходна знайсці адну пастаянную пляцоўку для гульняў, а не пераязджаць з адной на другую цягам спаборніцтваў. Турнір мы зробім штогадовым, а гэта значыць, што ў другім “выданні” мы ўлічым папярэднія недакладнасці і зробім свае змаганні яшчэ больш прывабнымі. Важным дасягненнем магу назваць знаёмства паміж сабой дзясяткаў маладых футбалістаў-аматараў, якія маглі б ніколі не сустрэцца без нашых матчаў.

Некаторыя клубы на дваравым турніры прадстаўлялі цэлыя часткі горада, як, напрыклад, “Раніца”, названая адпаведна з імем аднаго з раёнаў Воршы, ці “Флёрава”. Але большасць калектываў складаліся проста з аднадумцаў, сяброў, аднакласнікаў. Агулам у турнір былі залучаныя больш за 200 чалавек, у адной з каманд нават гуляла дзяўчына! Многія матчы суправаджаліся вялікай падтрымкай гледачоў, а заўзятары калектыву “Стальныя лісы” нават намалявалі банэр у падтрымку сваіх хлопцаў.

Яшчэ адзін арганізатар турніру Аляксандр Макарэвіч гаворыць, што гледачоў на некаторых матчах дваровага турніру было больш, чым на афіцыйным першынстве раёна:

— Турнір атрымаўся так, як мы яго і планавалі, але не здаваўся такім першапачаткова. Як і ў любым іншым відзе спорту азарт і інтарэс з’явіліся толькі па прашэсці некалькіх матчаў, калі прысутныя ўбачылі рэальную сілу каманд і іхныя здольнасці. Шчыра скажу: некаторыя матчы І Аршанскага турніру па дваравым футболе нават на групавым этапе збіралі больш гледачоў, чым сустрэчы афіцыйных чэмпіянатаў Воршы і Аршанскага раёну. “Звяз” быў рады аб’яднаць людзей і зрабіць ім насычанае лета, нарадзіць для футбалістаў-аматараў азарт першынства і прагу перамогі. Атрымалася класна, і мы плануем працягваць, тым больш яшчэ раней абвясцілі, што турнір стане штогадовым. Праз год чакаем наплыву ўдзельнікаў, а з боку “Звяза”, як арганізатараў, абяцаем павелічэнне цікавасці да турніру. Нам неабходна павялічыць інфармацыйную падтрымку, якой крыху бракавала сёлета. Плануем развіццё нашага футбольнага праекту дзеля лепшага ўспрымання гледачамі фарбаў, момантаў, эйфарыі.

РР: У той жа час аршанскі турнір дваравых каманд праходзіў на розных палях і нават на розных пакрыццях – некаторыя матчы адбываліся на траве, а некаторыя на паркеце. Як вырашыце пытанне з пляцоўкамі для гульні на наступным турніры?

— Тут ёсць адно “але”: калі параўноўваць паркет з травой, магу адзначыць, што выніковы лік на гэтых пакрыццях адрозніваецца. І на турніры былі каманды, якія больш камфортна адчувалі сябе, напрыклад, на паркеце, а на траве гулялі не надта ўдала. Пра пакрыццё мы яшчэ будзем разважаць, маем пэўны час. Але ў любым выпадку, на наступным турніры мы плануем прадставіць удзельнікам больш аўтаноміі. Як у выбары пляцовак, так і ў судзейскім абслугоўванні матчаў, усё-ткі ўдзельнікі турніру гэта не толькі самі гульцы, але яшчэ і людзі, якія хочуць паспрабаваць сябе ў якасці арбітраў.

На дадзены момант арганізатары І Аршанскага турніру дваровых камандаў разглядаюць магчымасць правядзення Навагодняга турніру і абмяркоўваюць абставіны правядзення матчаў праз год. Таксама ёсць папярэдняя дамоўленасць пра сустрэчу адной з дваравых каманд Воршы з калегамі-футбалістамі з Украіны.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя