У Варшаве затрымалі расейца, які запускаў беспілотнік над будынкам ураду
У Польшчы затрыманы грамадзянін Расеі, які запускаў беспілотнік над будынкам ураду і прэзідэнцкім палацам у Варшаве. Беспілотнік над урадавымі будынкамі быў заўважаны раніцай 26 верасня. Неўзабаве супрацоўнікам Бюро аховы ўдалося знайсці мужчыну, які ім кіраваў. Пра гэта паведамляе польскі тэлеканал TVN 24.
Мужчына сядзеў у аўтамабілі з расейскімі нумарамі і меў пры сабе дакументы, якія пацвердзілі яго расейскае грамадзянства.
Затрыманы быў пераданы паліцыі Варшавы і супрацоўнікам Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы. Следчыя высвятляюць, што менавіта меў на мэце мужчына і якую інфармацыю збіраў яго беспілотнік.
У паліцыі Варшавы пацвердзілі затрыманне іншаземца і адзначылі, што расследаванне знаходзіцца на пачатковым этапе – пакуль гутарка ідзе мінімум пра парушэнне авіяцыйнага заканадаўства.
Беларускае Радыё Рацыя