Максім Мудроў: Так не павінна быць у незалежнай дзяржаве



Беларуская літаратура застаецца без перакладаў сучасных твораў замежных аўтараў не таму, што няма перакладчыкаў, або няма попыту на такія кнігі, – папросту беларускія выдаўцы дасёння не навучыліся, як атрымліваць аўтарскія правы на выданне перакладных кніг, – кажа перакладчык Максім Мудроў. Як і яго бацька, вядомы празаік Вінцэсь Мудроў,  ён захапіўся культурай і літаратурай Албаніі, пачаў вывучаць албанскую мову, і ў выніку пераклаў раман сусветнавядомага албанскага пісьменніка Ісмаіла Кадарэ “Хроніка ў камяні”. „Але выдаць яго ў Беларусі пакуль ніяк не атрымліваецца,” – кажа Максім Мудроў.

– Калі я з менскімі выдаўцамі размаўляў, зразумеў, што ў іх гэтая справа ўвогуле не наладжаная. Яны задаюць такія пытанні: як плаціць у Англію, гэта нейкія НДСы, гэта электронныя подпісы? Я не кажу, што гэта немагчыма, але, як я разумею, на сённяшні дзень няма досведу ні ў аднаго выдаўца, каб гэта зрабіць нават пры наяўнасці грошай, – што і дрэнна.

Як высветлілася, літаратурныя агенцыі вядуць перамовы ў справе набыцця аўтарскіх правоў толькі з выдавецтвамі, а не з перакладчыкамі. Максім Мудроў шукае беларускае выдавецтва, якое здолела б заняцца гэтай справай і гатовы разам з выдавецтвам шукаць сродкі і на набыццё аўтарскіх правоў, і на выданне кнігі.

tarantino-by-2014-premia-ezhi-gedroyc-9926

Максім Мудроў атрымлівае ўзнагароду літпрэміі Ежы Гедройца за свайго бацьку Вінцэся Мудрова.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя

Фота budzma.by