У Гародні рэстаўруюць распяцце, перад якім маліўся Каліноўскі



Драўляная скульптура паходзіць з касцёла ў Бераставіцы, дзе захоўвалі «Мужыцкую праўду».

gi-23479-117699-big

Распяцце, верагодна, было зроблена ў XVIII ст. і мае пераходныя рысы ад готыкі да барока. Зрэшты, ніхто з прафесійных мастацтвазнаўцаў ім яшчэ не займаўся. У свой час яно ўпрыгожвала алтарную частку старога каталіцкага касцёла ў Бераставіцы, пакуль той не прыйшоў у заняпад. У цяперашні час у мястэчку службы адбываюцца ў іншым, больш новым храме.

Побач з фігурай у майстэрні рэстаўратара відаць шмат кавалкаў аблушчанай фарбы пазнейшых часоў, якая і хавала анатамічныя падрабязнасці – мышцы і жылы. У адноўленым выглядзе ўсё гэта будзе відаць.

«Разьба вельмі дасканалая, рэзаў майстар высокага класа. Часцей за ўсё такія постаці да нас прыходзілі з Заходняй Еўропы: з Нямеччыны ці нават Італіі. Аўтар выдатна ведаў анатомію чалавека. Пры гэтым фігура выразаная з усіх бакоў, а не толькі частка, бачная гледачу», – тлумачыць рэстаўратар Уладзімір Кіслы.

gi-23479-117700-big

Скульптура выразаная з грушы ці алешыны, ліпа была б цяжкай, як кажа рэстаўратар. У Беларусі ж мясцовыя майстры часцей за ўсё рабілі падобныя распяцці з хвоі.

Каштоўнасць скульптуры, разам з тым, не толькі мастацкая, але і гістарычная. Паводле легенды, якую распавёў краязнаўца Сяргей Лушчык, менавіта перад гэтым распяццем маліўся Кастусь Каліноўскі. Сапраўды, як сведчаць гісторыкі, з Бераставіцай звязаны старонкі гісторыі паўстання 1863 года.

«Настаяцелем касцёла на той час быў паплечнік Каліноўскага Ігнацій Казлоўскі. У самім храме хутчэй за ўсё адбываліся сходы гарадзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі напярэдадні паўстання. Там жа праходзіла прысяга на вернасць арганізацыі: па логіцы, якраз перад алтарным распяццем», – распавядае гісторык Васіль Герасімчык.

Іншы даследчык паўстання Алесь Кайрыс дадае, што ў падвалах касцёла захоўваліся тыражы «Мужыцкай праўды».

З распяццем звязана і іншая легенда, якая тычыцца тэалагічнага аспекта. Скульптура нібыта пераходзіла ад каталікоў да праваслаўных, а пасля назад да каталікоў. Таму ў Хрыста… адпілаваны ногі: паводле праваслаўнага канона, ступні павінны быць прыбітыя двума цвікамі, а не адным, як у каталікоў. Таму новым уласнікам давялося перарабляць распяцце.

gi-23479-117703-big

gi-23479-117705-big

«Як сцвярджае легенда, пра якую я пачуў ужо падчас рэстаўрацыі, чалавек, які адпілаваў ногі, каб змяніць першасную скульптуру, паплаціўся за гэта: падчас будоўлі яму ў тым жа месцы перабіла ногі нейкім блокам», – працягвае Кіслы.

gi-23479-117704-big

Сам жа рэстаўратар сумняваецца, што ногі Хрыста былі дароблены пазней, так як стылістычна яны ідэальна падыходзяць да першаснага варыянта. Такім чынам, народная легенда магла мець «педагагічны» характар, як перасцярога сучасным і будучым вандалам.

Паводле charter97.org