Аляксандр Лукашэнка ляціць у Кітай



Аляксандр Лукашэнка накіроўваецца ў Кітай з афіцыйным візітам. Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, праграмай запланаваны перамовы са старшынём КНР Сі Цзіньпінам. Паводле іх вынікаў чакаецца падпісанне прыблізна 30 міжнародных дакументаў пра развіццё супрацы ў палітычнай, эканамічнай і сацыяльнай сферах. Паводле эканаміста Аляксандра Сінкевіча,  Беларусь пакуль не здолела засвоіць нават тыя крэдытныя лініі, якія Кітай прапаноўваў ёй раней.

– Рэч у тым, што той жа кітайскі бок адкрыў сур’ёзныя крэдытныя лініі, але ў беларускай прамысловасці і ўвогуле ў беларускай сістэме кіравання няма той гнуткасці, каб асвоіць нават прапанаваныя грошы і крэдытныя лініі. Таму можна казаць пра тое, што гэтая нягнуткасць сістэмы кіравання тармозіць развіццё дачыненняў з Кітаем, якія маглі б прынамсі прынесці сюды сур’ёзныя інвестыцыі.

Афіцыны візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай будзе праходзіць з  28 па 30 верасня. Акрамя сустрэч з кіраўнікамі дзяржавы, запланавана наведванне Пекінскага ўніверсітэта, дзе беларускі лідар сустрэнецца з кіраўніцтвам ВНУ, студэнтамі, адкажа на іх пытанні.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя

Фота reuters.com