Якія перспектывы ў беларуска-амерыканскіх дачыненнях?
“На беларуска-амерыканскія стасункі свой уплыў будзе аказваць Расея”, – лічыць палітолаг Андрэй Фёдараў.
Учора міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей сустрэўся з часовым павераным у справах ЗША Робертам Райлі. Як паведамляе прэс-служба МЗС, сустрэча адбылася ў сувязі з пачаткам дыпламатычнай місіі Райлі ў Беларусі. Бакі абмеркавалі стан беларуска-амерыканскіх адносін і перспектывы іх развіцця.
Андрэй Фёдараў: Не думаю, што будзе нейкі значны прагрэс у беларуска-амерыканскіх дачыненнях. З аднаго боку, гэтаму стане перашкаджаць Расея, а з іншага – і самі беларускія ўлады не гатовы пайсці вельмі далёка ў выкананні тых патрабаванняў, што прад’яўляюць Злучаныя Штаты Амерыкі.
РР: Але ж нейкія крокі насустрач робяцца…
Андрэй Фёдараў: Пэўныя зрухі, безумоўна, будуць, але, на мой погляд, нязначныя. Максімум – аднаўленне паўнавартасных дыпламатычных адносін.
РР: Як сёння вы ахарактарызавалі б стасункі паміж Беларуссю і ЗША?
Андрэй Фёдараў: Назваў бы гэта стадыяй збліжэння пасля працяглага перыяду даволі вострай канфрантацыі. Гэта пачалося даўно, у пэўнай ступені працягваецца і зараз, але радыкальных крокаў па збліжэнні, як ужо казаў, не варта чакаць.
РР: Наколькі моцны ўплыў на гэтыя стасункі будзе аказваць Расея?
Андрэй Фёдараў: Гэта будзе залежыць ад таго, як будуць развівацца падзеі ў свеце. Але, калі Маскве падасца, што Беларусь заходзіць вельмі далёка, то нейкія меры Крэмль будзе прадпрымаць. Тым больш што і свае супярэчлівасці ў дачыненнях Масквы і Менска існуюць даволі сур’ёзныя.
РР: Але беларускія ўлады зацікаўлены ў сяброўскіх адносінах з ЗША?
Андрэй Фёдараў: Найперш яны зацікаўлены ў рэалізацыі ўласных планаў: атрыманне інвестыцый, пашырэнне гандлю, але пры ўмове неўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы краіны. І вось гэта, як мне падаецца, будзе галоўным бар’ерам.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя