Што чакае бюджэтнікаў?
«Закрываць бюджэтныя дзіркі ўрад будзе за кошт людзей», — кажа старшыня Беларускага прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч.
У бюджэтных арганізацыях намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата ў студзені—жніўні 2016 года склала 554 рублі, у жніўні — 549,4 рубля, што на 22,5 рубля, або на 3,9%, менш, чым у ліпені 2016 года, паведаміў Нацыянальны статыстычны камітэт.
Рэальная заработная плата ў бюджэтных арганізацыях у студзені—жніўні 2016 года ў параўнанні з адпаведным перыядам 2015 года зменшылася на 5,7%, у жніўні 2016 года ў параўнанні з ліпенем 2016 года — на 3,8%.
Генадзь Фядыніч: Наколькі вядома, праект бюджэту зусім не прадугледжвае падвышэнне ўзроўню працы для работнікаў бюджэтнай сферы, таму разлічваць на рост заробкаў бюджэтнікам не даводзіцца. Відавочна, што закрываць нейкія бюджэтныя дзіркі ўрад будзе за кошт народу. Улады, калі набіралі вялізныя крэдыты, у гэтага ж самага народу не пыталіся. І цяпер не пытаюцца, якім чынам будуць аддаваць. А аддаваць будуць людзі свае грошы. Свае памылкі ў эканоміцы ўлады хочуць прызнаваць менш за ўсё. Хаця ў цывілізаваная краіне гэты ўрад павінен ужо быў сыйсці ў адстаўку.
РР: Добра вядомы выраз аднаго высокага чыноўніка, які сказаў, што “беларусы жывуць не па сродках”…
Генадзь Фядыніч: Калі ён так казаў, магчыма, меў на ўвазе тых, хто жыве ў шыкоўных палацах у Драздах? А інакш гэта выглядае як здзек над тымі людзьмі, якія вымушаны працаваць на некалькіх працах, каб пракарміць сям’ю. Некаторыя нават у выходныя выходзяць на працу, каб зарабіць дадатковую капейку. Асабіста мне сорамна за такія словы беларускіх чыноўнікаў, якія жывуць нібыта ў паралельным вымярэнні з простымі людзьмі. Сёння народ ужо нават залез у валютныя зберажэнні, бо ўласных заробкаў не хапае.
РР: У такое сітуацыі, ці не пачнецца адток працоўнай сілы з Беларусі ў замежжа?
Генадзь Фядыніч: Мяркую, што ён будзе, але не вялікі. Бо ў той жа Расеі, куды традыцыйна ехалі беларусы на заробкі, зараз таксама зусім не тая сітуацыя, што была яшчэ тры гады таму.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя