Справа 1945 г. “Як камсамолец-антысеміт ратаваў па сарцірах Расею”
Увечары 20 чэрвеня 1945 г. у райаддзел НКГБ г. Шчорса (цяпер Сноўск) даставілі перапалоханага арыштанта з камсамольскім значком на штрыфелі – васямнаццацігадовага токара Аляксандра Лялева.
АНКЕТА АРЕСТОВАННОГО
Лялев Александр Петрович, 1927 г. р.,
беспартийный, белорус, окончил 6 классов. Сын рабочего, член ВЛКСМ, холост, токарь паровозного депо станции Щорс.
Маладому пралетару адразу высунулі абвінавачванне ў антысавецкай агітацыі. Але агітацыя гэта, як вынікае са следчай справы, выглядала даволі нязвыкла – праз антысеміцкія графіці ў прывакзальных прыбіральнях Гомеля і Шчорса.
Усяго такіх надпісаў было два: “Кто не видел полковника Сталина – жид он х…вый!” і “Бей жидов – спасай Россию», прытым у другім графіці камсамлец зрабіў ажно дзве граматычных памылкі.
Спярша Лялеў катэгарычна адмаўляў сваё аўтарства.
21 июня 1945 г.
Из протокола допроса
ВОПРОС: Расскажите, кто занимается распространением антисоветских надписей на заборах, стенах домов и стенках в уборных?
ОТВЕТ: Этого мне неизвестно и я не знаю, кто пишет.
У сталінскіх спецслужбах выдатна ведалі, як ламаць баявых генералаў і герояў Сталінграда, якія сапраўды не былі ні ў чым вінаватымі. Васямнаццацігадовы Аляксандр Лялеў відавочна не быў героем. Для пацьвярджэння ягонай віны ў НКГБ, як і мае быць, правялі графалагічную экспертызу.
НАРОДНЫЙ КОМИССАР ГОСУДАРСТВЕННОЙ БЕЗОПАСНОСТИ БЕЛОРУССКОЙ ССР. КАБИНЕТ ЭКСПЕРТИЗЫ ДОКУМЕНТОВ
АКТ ЭКСПЕРТИЗЫ № 6
составлен 28 октября 1945 г.
(…)
Содержание экспертизы
Исследованием требовалось установить:
- Не исправлены ли тексты анонимных антисоветских надписей, представленных на фотокопиях одним лицом.
- Не является ли автором анонимных надписей Лялев.
(…)
ЗАКЛЮЧЕНИЕ
Данные, полученные при исследовании почерков представленных на экспертизу документов, дают основание сделать вывод:
- Анонимная надпись антисоветского содержания, начинающаяся словами “Кто не…” и анонимная надпись антисемитского содержания, начинающиеся словами “Бей жидов…” исполнена одним лицом.
- Автором анонимных надписей является Лялев.
Ст. эксперт лейтенант Кальмаев
Доказы выглядалі бясспрэчнымі і відавочнымі, і малады камсамолец неўзабаве здаўся. Крэмзанне антысеміцкіх графіці ў вакзальных прыбіральнях Шчорса і Гомеля ён растлумачыў так: маўляў, яму зрэзалі расцэнкі ў паравозным дэпо, і ў гэтым вінаваты выключна яўрэі.
Са следчай справы невядома, ці тлумачыў Лялеў падступнай яўрэскай змовай паганае надвор’е ці нясмачную ваду, але ж віну яўрэяў у пагаршэнні свайго жыцця камсамолец-антысеміт бессаромна даводзіў нават следчаму НКГБ, які слухаў арыштанта і ўважліва ўсё занатоўваў.
Из протокола допроса
ВОПРОС: Вам предъявляется фотоснимок написанной вами мелом надписи на внутренней стенке уборной. Почему вы это сделали?
ОТВЕТ: (…) Предъявленный мне фотоснимок с контрреволюционной надписью действительно писал я. Такие надписи я регулярно делал на стенах уборных (…) с призывом рабочих бить жидов и спасать Россию.
Таварыш Сталін не любіў яўрэяў. Як, зрэшты, не любіў ён і беларусаў, і ўкраінцаў, і палякаў, і татараў, і малдаванаў, і калмыкаў, і эстонцаў, і чачэнцаў з інгушамі, і шмат якіх іншых народаў.
Галоўнай нацыяй шматнацыянальнага СССР адразу пасля вайны былі абвешчаныя расейцы. Яшчэ на банкеце ў гонар Перамогі над нямецка-фашысцкімі акупантамі 24 траўня 1945 года Вярхоўны Галаўнакамандуючы абвесціў тост: «Я пью, прежде всего, за здоровье русского народа, потому что он является наиболее выдающейся нацией из всех наций, входящих в состав Советского Союза». Тост гэты быў шырока растыражаваны прыдворнымі журналістамі, паэтамі, празаікамі, драматургамі, кінематаграфістамі і мастакамі і стаў, такім чынам, галоўнай ідэалагемай савецкай міжнацыянальнай палітыкі.
Але ж і не рэагаваць на антысеміцкія графіці ў 1945 годзе не выпадала: у народзе яшчэ не загаілася памяць пра гета, расстрэльныя яміны і газавыя камеры. Дый антысеміцкі надпіс, у якім Генералісімус быў названы ўсяго толькі “палкоўнікам”, вымагаў суворага адлупу.
ПРИГОВОР
3 декабря 1945 г. Военный трибунал Белорусской железной дороги…
(…)
ПРИГОВОРИЛ
Лялева Александра Петровича на основании ст. 54-1 п. «а» УК УССР лишить свободы с отбытием наказания в ИТЛ сроком на 10 (десять) лет с поражением в правах на пять лет с конфискацией имущества за отсутствием такового.
Секретарь суда Ахраменко
Пройдзе ўсяго два гады, і ў Савецкім Саюзе распачнецца шалёная кампанія дзяржаўнага антысемітызма. У 1948 годзе ў Менску будзе забіты геніяльны акцёр, старшыня Яўрэйскага Антыфашысцкага камітэту Саламон Міхоэлс. Пасля гэтага забойства, санкцыянаванага Сталіным, у СССР будуць забароненыя ўсе тэатры, школы, газеты і радыёперадачы на ідыш, а яўрэйскія пісьменнікі, навукоўцы, настаўнікі будуць расстраляныя ці адпраўленыя ў лагеры. На старонках “Правды», «Известий» ды іншых маскоўскіх газет з’явяцца антысеміцкія артыкулы, па танальнасці вельмі блізкія да агітак Рэйхсміністэрства народнай адукацыі і прапаганды доктара Гебельса.
З 1949-га года ў МГБ запусціцца следчы канвеер “спраў бязродных касмапалітаў” з відавочна антысеміцкім ухілам, а крыху раней – антысеміцкі канвеер “справы дактароў”.
Тыя самыя следчыя Дзяржбяспекі, якія займаліся справай маладога камсамольца Аляксандра Лялева, сарцірнага ратавальніка Расеі, цяпер будуць катаваць тых жа самых яўрэяў і вымагаць ад іх прызнанняў у “міжнароднай сіянісцкай змове” і ў “замаху на жыццё таварыша Сталіна”.
* * *
Наступным разам я раскажу пра польскі антысавецкі супраціў і пра ўдзел у гэтым супраціве беларусаў з Падляшша.
Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя, архіў Службы Бяспекі Украіны
Радыё Рацыя дзякуе Архіву СБ Украіны ў Чарнігаўскай вобласці за прадстаўленыя матэрыялы, архіўную справу “П-16239”