Суд над Вячаславам Сіўчыкам перанесены



Сёмае судовае паседжанне па справе збіцця беларускага палітыка завяршылася безвынікова. У Цэнтральным судзе Менска сёння разглядалі справу суарганізатара Руху Салідарнасці “Разам” Вячаслава Сіўчыка, якога 19 красавіка супрацоўнікі міліцыі брутальна затрымалі і збілі ў пад’ездзе ўласнага дома. Суддзя Міхаіл Хома перанёс разгляд адміністрацыйнай справы, паколькі на судзе не прысутнічаў сам Сіўчык. Прысутныя там паплечнікі палітыка паведамілі, што ў справе з’явіўся трэці пратакол, якога раней не было, да таго ж суддзя загадаў прымусова даставіць палітыка на чарговае паседжанне суда. Вячаслаў Сіўчык каментуе хаду сваёй справы:

– Я проста не магу зразумець, адкуль там узнік трэці пратакол і трэці артыкул. Наш суд зразумець немагчыма. На жаль, ужо амаль 20 гадоў у нас няма незалежнага суда. І магчыма нейкае ўказанне паступіла зверху, і таму спадар Хома, разумеючы, што я знаходжуся за мяжой, не пабаяўся чарговы раз парушыць закон і нават прыняў рашэнне аб маім прымусовым прывадзе ў Цэнтральны суд. Гэтае рашэнне ні на чым не грунтуецца, калі гаварыць пра закон. Але ж мусіць вельмі хочацца камусьці зноў мяне засудзіць.

Першапачаткова Вячаслава Сіўчыка вінавацілі ў быццам бы знаходжанні ў грамадскім месцы ў стане алкагольнага ап’янення, пазней дадалі абвінавачванні ў супрацьдзеянні супрацоўнікам міліцыі. У сваю чаргу палітык падаваў скаргі на беспадстаўнае абвінавачванне і брутальнае затрыманне. Чарговае судовае пасяджэнне пройдзе ў Цэнтральным судзе Менска шостага кастрычніка.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя

Фота svaboda.org