Беларусь дапамагае польскім вытворцам



Беларусь дапамагае польскім вытворцам пасля ўвядзення еўрапейскіх санкцый супраць Крамля. Пра гэта піша Dziennik.pl.

9437706-jablka-900-556

Напрыклад, польскія прадукты адпраўляюцца ў Беларусь, там адбываецца іх перапрацоўка, і ў Расею іх ужо вязуць з этыкеткай “Made in Belarus”. Гэта пацвярджае і статыстыка. Сёлета за першае паўгоддзе Польшча прадала ў Беларусь на 32% больш гародніны і на 75% больш садавіны. А Беларусь, напрыклад, на 28% павялічыла экспарт у Расею яблычнага соку.

Як адзначае старшыня гандлёва-прамысловай палаты ў Беластоку Вітальд Карчэўскі, харчовае эмбарга стала выклікам і для падляшскіх вытворцаў:

– Мы шукаем, дзе можам прадаць тое, што вырабляем на Падляшшы. Вырабляць мы ўжо ўмеем, гэта мы ўжо навучыліся, але трэба шукаць новыя рынкі. Не будзем сябе падманваць, крызіс у гандлі з Усходам ёсць, эмбарга абавязвае, і для фірм з усёй Польшчы, а асабліва з Падляшша, вельмі важна, каб гэта ўнармавалася, каб гэтае эмбарга было ліквідавана, каб мы маглі нармальна супрацоўнічаць.

Еўразвяз і ЗША ўвялі санкцыі супраць Расеі ў адказ на расейскую агрэсію ва Украіне ды анэксію Крыма. Аднак пазней Расея таксама ўвяла санкцыі на еўрапейскія прадукты, у выніку чаго ў складанай сітуацыі апынуліся і падляшскія вытворцы.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя