Міністэрства Адукацыі ігнаруе прадстаўнікоў кампаніі ’’О, Балонь!’’



Адказу з Міністэрства Адукацыі Рэспублікі Беларусь так і не атрымалі берасцейскія прадстаўнікі кампаніі ’’О, Балонь!’’. З моманту адпраўкі подпісаў за ўступленне Беларусі ў Балонскі працэс мінула больш за два месяцы.

Адзін з галоўных каардынатараў кампаніі ’’О, Балонь!’’ Уладзімір Красько распавёў пра тое, як будзе вырашаная праблема:

 – Іх кансультанты тлумачаць, што ліст быў адасланы яшчэ ў сярэдзіне ліпеня і ёсць адмысловая адзнака на пошце пра гэта. Зараз пытанне па іх словах палягае ў тым, што мы ці то на этапе атрымання з пошты ліст гэты згубілі, ці то па-просту ён быў нейкім чынам скрадзены з нашай паштовай скрыні. І на дадзены момант мы звярнуліся з паўторным зваротам на тое, каб атрымаць на дадзены момант копію адказа, які нам быў дасланы з Міністэрства адукацыі ў сярэдзіне ліпеня.

У лісце да Міністэрства адукацыі актывістамі былі выкладзеныя такія патрабаванні, як магчымасць абіраць рэктара калегіяльным органам універсітэта і непасрэдны ўдзел студэнтаў у кіраванні сваёй навучальнай установай. Гэта створыць магчымасці для ўступлення Беларусі ў 2015 годзе ў Балонскі працэс.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце