Падатковая ўжо выявіла больш за 10 тысяч «дармаедаў»



Міністэрства падаткаў і збораў накіравала больш за 10 тысяч паведамленняў асобам, якія не бяруць удзелу ў фінансаванні дзяржаўных выдаткаў. Цяпер «дармаеды» не пазней за 15 лістапада гэтага году вымушаныя сплаціць адмысловы збор. У прэс-службе ведамства адзначылі, што грамадзяне маюць права прадставіць у падатковы орган дакументы, якія пацвярджаюць, што яны не павінны плаціць збор, або што сума яго налічаная няправільна.

Паводле БелТА, ужо больш за 11 тысяч грамадзян паведамілі падаткавікам, што маюць права не плаціць збор.

Каб не плаціць збор, той, хто атрымаў ліст ад падатковай, павінен даказаць, што працаваў у мінулым годзе больш за 183 дні.

Паводле прэзідэнцкага дэкрэту № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» грамадзяне Беларусі, замежныя грамадзяне, якія стала пражываюць у Беларусі, і асобы без грамадзянства, якія не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржвыдаткаў або ўдзельнічалі ў такім фінансаванні менш за 183 каляндарныя дні ў мінулым годзе, абавязаныя сплаціць збор у 20 базавых велічынь (420 рублёў).

Фота kapital.kz