Віцэ-прэм`ер РФ Дварковіч: Скідка на газ для Беларусі не абмяркоўваецца



Перамовы з Беларуссю па цане на расейскі газ адбудуцца ў пачатку тыдня, пра скідку гаворкі не ідзе, паведаміў журналістам віцэ-прэм`ер РФ Аркадзь Дварковіч на форуме „Сочы-2016”.

„У пачатку тыдня. Ідзе пошук прымальнага рашэння. Пра скідку не ідзе гаворкі”, — сказаў ён, адказваючы на пытанне ТАСС аб наступных перамовах з Беларуссю і шляхах вырашэння праблемы кошту газу.

Тым часам 30 верасня ў эфіры радыёстанцыі „Рэха Масквы” міністр энергетыкі РФ Аляксандр Новак заявіў, што доўг Беларусі за пастаўкі расейскага газу складае 270—300 млн долараў.

Газавая спрэчка паміж Беларуссю і Расеяй доўжыцца з пачатку 2016 года. Мінск настойвае на зніжэнні кошту расійскага газу, Расея з гэтым не згодная і абвінавачвае беларускі бок у парушэнні кантракта. Для стымулявання пагашэння доўгу Масква ў трэцім квартале скараціла пастаўкі нафты на беларускія НПЗ. У чэрвені віцэ-прэм`ер РФ Аркадзь Дварковіч заявіў, што да скарачэння паставак прывяла недаплата беларускага боку за пастаўлены прыродны газ.

11 верасня на выбарчым участку пасля галасавання на парламенцкіх выбарах Аляксандар Лукашэнка паведаміў, што Беларусь і Расея практычна дамовіліся па газавым пытанні. 12 верасня ў ходзе сустрэчы з віцэ-прэм`ерам Уладзімірам Сямашкам ён даручыў на працягу двух дзён дасягнуць канчатковай дамоўленасці з расійскім бокам аб пастаўках энерганосьбітаў у Беларусь. Аднак пасля перамоў на ўзроўні віцэ-прэм`ераў пасольства Беларусі ў Расеі паведаміла, што дасягнуць кампрамісу па газавым пытанні ўрадам дзвюх краін не ўдалося.

Аляксандр Лукашэнка, каментуючы 20 верасня рознагалоссі з Расеяй па энергетычных пытаннях, заявіў, што, калі праблемы з пастаўкамі нафты і газу не будуць урэгуляваны, Беларусь можа паставіць пытанне пра свой няўдзел у працы калегіяльных органаў Еўразійскага эканамічнага саюза.

„Калі так будзе працягвацца — навошта нам там трымаць кучу чыноўнікаў? Там, па-мойму, ужо каля тысячы ў так званым урадзе ў ЕАЭС. І які вынік?” — задаў рытарычнае пытанне Лукашэнка.

На думку экспертаў, рэзкае скарачэнне імпарту расейскай нафты ў Беларусь у другім паўгоддзі негатыўна паўплывае на эканамічныя паказчыкі краіны, і ў прыватнасці на параметры бюджэту.

„Зніжэнне паставак нафты прыводзіць да скарачэння аб`ёмаў вытворчасці і экспарту беларускіх нафтапрадуктаў, што, адпаведна, адмоўна адбіваецца на аб`ёме прамысловай вытворчасці і дынаміцы ВУП. З іншага боку, скарачэнне паставак нафты — гэта яшчэ і зніжэнне паступленняў у беларускі бюджэт, куды залічваюцца вывазныя пошліны на нафтапрадукты”, — адзначаў раней у рэктар Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык.

Тым часам Міжнародны валютны фонд у сваім апошнім аглядзе беларускай эканомікі папярэдзіў пра тое, што стабільнасць у Беларусі можа быць падарваная, калі не будуць урэгуляваны рознагалоссі з Расеяй.

БелаПАН