Вішнева – радзіма Шымона Пераса



Мясцовасць Вішнева на Валожыншчыне, гістарычнае паселішча Ашмянскага павету ведама з 16 стагоддзя. У той час тут жыў і дзеіў друкар Сымон Будны. Менавіта ў Вішневе асветнік памёр ці паводле іншай версіі быў забіты. У 17-ым стагоддзі мясцовасць была ўладаннем Юрыя Храптовіча, прадстаўніка магнацкага роду, дзяржаўнага дзеяча ВКЛ.

Мястэчка надзвычай багатае на вядомыя імёны. Менавіта ў Вішневе нарадзіўся Нахум Гольдман – грамадскі дзеяч, адзін з лідараў сіянісцкага руху, заснавальнік і старшыня Сусветнага габрэйскага кангрэсу. Тут нарадзілася таксама Уладзіслава Луцэвіч – беларуская літаратуразнаўца, жонка Янкі Купалы. Жыла ў Вішневе і тут пахавана беларуская паэтка Канстанцыя Буйла. Значная старонка гісторыі Вішнева звязана з мясцовай каталіцкай святыняй і дзейнасцю беларускага ксяндза Уладзіслава Чарняўскага, што варта асобнага аповяду.

У першую сусветную вайну праз Вішнева праходзіла лінія нямецкіх абарончых умацаванняў. Жыхары тады былі выселеныя, а мястэчка амаль цалком было вынішчана артылерыйскімі бамбардаваннямі. Цікава, што мясцовыя храмы – царква і старадаўні касцёл пры тым ацалелі.

Зараз Вішнева – цэнтр аднайменнага аграгарадка, пра што сведчыць адпаведная бляклая чырвона-зялёная шыльда.

Натуральна, што ў гэты прыезд нас цікавіла найперш месца нараджэння Шымона Пераса (у дзяцінстве – Перскага), выбітнага ізраільскага палітыка, былога прэзідэнта Ізрайлю, які зусім нядаўна адышоў у іншы свет і быў пахаваны 30 верасня. Да месца былога дому Перскіх вядзе добрая асфальтоўка, па левым баку некалькі старых пабудоў, відавочна колішняга габрэйскага прызначэння, па правым баку спярша касцёл, а потым царква.

daroga-da-domu-perasa

дарога, якая вядзе да месца былога жытла Перскіх

На месцы былога жытла Перскіх, якія з’ехалі з Вішнева ў 1934 годзе, на старым падмурку зараз стаіць хата, у якой жыве мясцовы жыхар Іван Тамашэвіч. Шыману Перскаму было толькі 11 гадоў, як ягоная маці Сара яго і малодшага брата Гіршу павезла ў Палестыну, дзе ўжо тры гады жыў і працаваў бацька – Ісак Перскі, які выехаў туды раней. Усе іншыя сваякі Пераса, якія засталіся ў Вішневе, загінулі ў час другой сусветнай вайны. Усіх мясцовых габрэяў фашысты сагналі ў сінагогу і спалілі.

З часу Перскіх захавалася даўняя студня. Яна і тэрыторыя вакол хаты ўпарадкаваны мясцовымі ўладамі. А на доме вісіць адмысловая таблічка па-расейску і па-ангельску, якая інфармуе, што менавіта тут нарадзіўся і жыў у дзяцінстве будучы Нобелеўскі лаўрэат, 9-ы прэзідэнт Ізрайлю Шыман Перас.

dom-perasa

Хата на месцы былога жытла Перскіх

На малую радзіму Шымон Перас прыязджаў двойчы – у жніўні 1992-га і ў студзені 1998 году.

[Not a valid template]

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара