У Менску адбылася прэзентацыя анлайн фестывалю дакументальных фільмаў



У Менску адбылася прэзентацыя першага анлайн фестывалю дакументальных фільмаў «BelarusDocs». Пачынаючы ад 4 кастрычніка на прасторы інтэрнэт-пляцоўкі afisha.tut.by будуць выкладзены працы майстроў дакументальнага жанру, а таксама маладых беларускіх рэжысёраў.

gosci2

Кадр з фільма „Госці”

Аўтары праекта сумесна з парталам tut.by паспрабуюць стварыць альтэрнатыўную пляцоўку для паказаў і развіцця беларускага дакументальнага кіно. «Ідэя фестывалю паўстала з-за таго, што ў нас ёсць сусветнавядомыя аўтары, якіх у нас чамусьці не паказваюць,» – гаворыць арганізатар праекту Алесь Лапо:

— Хацелася паспрабаваць нестандартны канал трансляцыі дакументальнага кіно, анлайн фармат, анлайн фестываль, хутчэй з-за таго, што немагчыма арганізаваць фестываль, асабліва фестываль у рэгіёнах, дзе можна было паказаць дакументальнае кіно.

«Нам хацелася б, каб гэтыя фільмы змаглі б паглядзець аднойчы ў Беларусі і на вялікім экране,» – дадаў Алесь Лапо. Аўтары праекта разлічваюць на знаёмства больш як 20 тысяч карыстальнікаў інтэрнэта з працамі беларускіх дакументалістаў. У межах фестывалю «BelarusDocs» у сеціве змесцяць працы рэжысёраў Віктара Аслюка, Вольгі Дашук, Дзмітрыя Махамета, Дар’і Юркевіч і іншых. Арганізатары фестывалю адзначаюць,  што многія беларускія рэжысёры набываюць вядомасць выключна за межамі краіны, а ў Беларусі застаюцца практычна невядомымі. Больш дэталёва пазнаёміцца з праграмай фестывалю можна на сайце afisha.tut.by

unnamed_13

Алесь Вайтовіч, Беларускае Радыё Рацыя