Ці ёсць эканамічны эфект ад “дармаедаў”?
Старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук ацаніў эканамічны эфект для дзяржавы ад уведзенай нормы браць падаткі з тых, хто не працуе.
Падатковыя органы пакуль змаглі знайсці сярод беларусаў толькі каля 10 тысяч «дармаедаў». Усім ім накіравалі паведамленні. Атрымальнікам лістоў ад падатковай трэба будзе альбо даказаць, што яны працавалі ў 2015 годзе больш за 183 дні, альбо выплаціць збор да 15 лістапада 2016 года, паведаміла прэс-служба Міністэрства па падатках і зборах.
Яшчэ калі дакумент аб «утрыманцах» быў на стадыі ідэі, чыноўнікі казалі, што тых, хто не працуе і не плаціць падаткі, больш за 400 тысяч. Пакуль знайсці ўсіх не ўдалося.
Аляксандр Ярашук: Сама лічба ў 10 тысяч “дармаедаў” кажа пра эфектыўнасць нормы, бо было ж абвешчана ў свой час высокімі начальнікамі, што ў краіне каля паўмільёна чалавек, якія нічым не занятыя. Чаму тады выявілі толькі 10 тысяч? Увогуле, прыняты дакумент з самага пачатку быў падобны да авантуры, бо, каб знайсці ўсіх непрацуючых і палічыць іх, патрэбна сістэма кшталту савецкай, калі былі зачыненыя межы і ніхто нікуды не выязджаў. Тады панаваў інстытут прапіскі, усіх пералічвалі… У сучасным стане Беларусь – больш адкрытая краіна. Ніхто ж не ведае, колькі дакладна людзей з’ехалі за мяжу ў выглядзе працоўных мігрантаў.
РР: Адным словам, замахнуліся на рубель, а ўдар атрымаўся на капейку…
Аляксандр Ярашук: Менавіта так. І тыя 10 тысяч чалавек, што заплацяць падатак, – дробязь, калі пералічыць усе дзяржаўныя выдаткі, якія прйшлося несці эканоміцы ў пошуках гэтых людзей. Гэта не каштавала такіх выдаткаў і з пункту гледжання эканамічнага, і палітычнага, і чалавечага. Таму, на мой погляд, самым правільным у такой сітуацыі было б ціхенька на тармазах спусціць гэтую справу, не абвяшчаючы гучна, што прынялі няправільнае рашэнне. Такім непатрэбствам не варта і займацца, бо гэта нічога не дае. Яно, наадварот, вядзе да страт і ў канчатковым выніку наносіць моцную шкоду аўтарытэту і іміджу беларускай улады. Недарма ж з вуснаў чыноўнікаў ужо пачалі гучаць заявы, што непрацуючыя павінны набываць нейкія ваўчары, каб была магчымасць не працаваць, а займацца тым, чым людзі лічаць неабходным. А гэтая авантура з самага пачатку была запраграмавана на правал, што, уласна кажучы, і адбываецца.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя