На канфіскацыю тавару гомельскія ІП адкажуць страйкам
Гомельскія прадпрымальнікі гатовыя абвясціць страйк у выпадку масавых канфіскацый тавараў на падставе ўказу №222. Прадстаўнікі дробнага бізнесу канстатуюць, што за прамінулы год ніякіх пазітыўных зменаў у стаўленні ўладаў да прадпрымальнікаў не адбылося. Гандляры з гомельскага рынку „Давыдаўскі” непакояцца, што ў любы час могуць сутыкнуцца з праверкамі падаткавікоў і канфіскацыяй тавару, паколькі дагэтуль не ўведзены мараторый на праблемны ўказ №222.
– Нават працаваць, адкрывацца баімся. Грошай ім няма з каго ўзяць – толькі з нас, прадпрымальнікаў, выцягваюць апошняе. Мы хутка самі закрыемся, на нас нават ціснуць не трэба.
– У Расеі неахвотна даюць дакументы на тавар. І няма ўпэўненасці, што нашыя падатковыя органы будуць успрымаць гэтыя дакументы як рэальныя. Мы практычна год працуем у няведанні, і калі раптам нейкая праверка, пагроза – усе гандлёвыя месцы адразу закрываюцца.
– Праверак пакуль няма, але гэта такая справа, што яны могуць пачацца ў любы момант.
З 1 студзеня 2016 года ў Беларусі дзейнічае ўказ №222, які абавязвае індывідуальных прадпрымальнікаў мець суправаджальныя дакументы на тавары лёгкай прамысловасці, увезеныя з дзяржаваў Мытнага саюза. Беларускія бізнесоўцы скардзяцца, што на практыцы выканаць некаторыя палажэнні ўказу немагчыма.
Беларускае Рацыя Рацыя, Гомель