Алесь Бяляцкі заклікаў вярнуцца да місіі Адраджэння 80-90-х гадоў



Такое меркаванне на пашыраным паседжанні круглага стала на тэму абароны цывілізацыйна-культурнай ідэнтычнасці Беларусі выказаў кіраўнік Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі.

 Алесь Бяляцкі нагадаў пастулаты Асамблеі недзяржаўных дэмакратычных арганізацый Беларусі на пачатку яе існавання: дэмакратыя, правы чалавека, Незалежнасць і нацыянальна-культурнае адраджэнне.

Вярнуцца да гэтых пастулатаў і аднавіць місію Асамблеі, вярнуцца да гэтай місіі Асамблеі, што б мы не рабілі – ці мы фарбуем лавачкі ў дварах, ці баронім правы чалавека – у нас гэта ўсё будзе глядзецца праз прызму беларускай ідэнтычнасці і мовы, умацавання беларускай культуры.

Удзельнікі дыскусіі мяркуюць, што ўсе грамадскія арганізацыі ды ініцыятывы, нягледзячы на тое, уваходзяць яны ў Асамблею ці не, павінны на бліжэйшыя гады згуртавацца вакол супольнай місіі «Барані сваё!» перад пагрозай далейшага распаўсюду праекту «Русский мир».

Цывілізацыйны выбар і само існаванне Беларусі як незалежнае дзяржавы патрапілі ці не пад самую сур’ёзную пагрозу за гады самастойнасці – Расея апантаная імперскім праектам «Русский мир», які агрэсіўна прасоўвае на постсавецкай прасторы. Кажа Вацлаў Арэшка, сябра праўлення Асамблеі недзяржаўных дэмакратычных арганізацый.

– Выклікам №1 для Беларусі, для беларускага грамадства з’яўляецца так званы «русский мир». Таму грамадства і грамадзянская супольнасць павінна сканцэнтравацца на тым, каб даць адпор гэтаму “рускаму міру”. Дзяржава нас не абароніць.

Асамблея НДА заклікае ўсіх актывістаў беларускай грамадзянскай супольнасці засведчыць супольную місію «Барані сваё!», пашырыць сваю працу ў адпаведнасці з ёю, каб зберагчы незалежнасць і аднавіць свабоду краіны.

Рыгор Сапяжынскі, Беларускае Радыё Рацыя