Украіна разышлася мірам з Турцыяй
У матчы другога тура групы I еўрапейскай кваліфікацыі чэмпіянату свету 2018 года зборныя Турцыі і Украіны згулялі ўнічыю з лікам 2:2. Падначаленыя Андрэя Шаўчэнкі да канца першага тайма вялі ў ліку з розніцай у два мячы пасля галоў Андрэя Ярмоленкі і Арцёма Кравеца. Гаспадары, аднак, здолелі параўняць лік – да перапынку адзін мяч адыграў Озан Туфан, а на 81-й хвіліне Хакан Чалханаглу рэалізаваў пенальці. Зборныя Італіі і Іспаніі згулялі ўнічыю з лікам 1:1 у Турыне. «Фурыя Роха» выйшла наперад на 55-й хвіліне дзякуючы голу Вітала. Адыграцца «Скуадра адзурра» здолела ў канцоўцы – на 82-й хвіліне Даніэль Дэ Росі рэалізаваў пенальці. Астатнія матчы дня завяршыліся так: Аўстрыя-Уэльс – 2:2, Малдова-Сербія – 0:3, Ірляндыя-Грузія – 1:0, Македонія-Ізрайль – 1:2, Ліхтэнштайн-Албанія – 0:2, Ісляндыя-Фінляндыя – 3:2, Косава-Харватыя – 0:6.
Зборная Бразіліі ў рамках дзявятага тура кваліфікацыі чэмпіянату свету-2018 ад Паўднёвай Амерыкі на хатнім полі перамагла Балівію з лікам 5:0. Ужо ў першым тайме бразільцы забілі чатыры мячы. Па голе на свой рахунак запісалі Нэймар, Габрыэль Жэзус, Феліпэ Каўціньё і Феліпэ Луіс. Канчатковы лік на 75-й хвіліне ўсталяваў форвард Раберта Фірміна. Бразільцы набралі за дзевяць матчаў 18 ачкоў і цяпер саступаюць у турнірнай табліцы толькі Уругваю, які набраў 19 ачкоў пасля перамогі над Венесуэлай 3:0 – дублем там адзначыўся Кавані. Зборная Аргентыны без траўмаванага Месі на выездзе згуляла ўнічыю з камандай Перу – 2:2 і займае толькі пяты радок у турнірнай табліцы.
Футбалісты зборнай Беларусі прыбылі ў Ратэрдам на адборавы паядынак чэмпіянату свету з камандай Нідэрляндаў. Беларускі футбольны дэсант размясціўся ў гатэлі, а потым каманда пад кіраўніцтвам Аляксандра Хацкевіча правяла трэніроўку на поле стадыёна „Фейенорд”, дзе сёння ў 21.45 па менскім часе пачнецца сустрэча са зборнай Нідэрляндаў. У ёй не змогуць узяць удзел абаронца казахстанскай „Астаны” Ігар Шытаў і хаўбек барысаўскага БАТЭ Ігар Стасевіч, у якіх праблемы са здароўем.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя