Вяртанне да стужкавай фатаграфіі



Маладзейшае пакаленне фатографаў ужо забылася, што такое чырвоны ліхтар у лабараторыі, фотапапера, кюветы з рэактывамі. У менскай арт-прасторы “Майстэрня” адкрылася выстава сучаснай аналагавай фатаграфіі “Спадчына 2016”, прысвечаная памяці Сяргея Качаргіна.

kochergin_0_1

Распавядае фотамастачка Ірына Дайнакова:

– Я стужкавай фатаграфіяй апошні раз займалася ў 1986 годзе. Гэты працэс згадваць было вельмі цікава. Лічбавы фотаздымак у наш хуткі век выйграе, асабліва для рэпартажу. Але стужка – вельмі душэўная. Яе няспешнасць дысцыплінуе. Таму яна сапраўды для душы. Мы хочам нашую выставу зрабіць традыцыйнай. Проста кожны год прызначаць новую тэму. І хочам, каб у ёй прымалі ўдзел усе фатографы, якія займаюцца стужкавай фатаграфіяй.

dsc_2203-edit-2

У арт-прасторы, апроч фотавыставы, выстаўлена ўнікальная музейная экспазіцыя фотаапаратаў вытворчасці розных краін. Ад самых першых драўляных камер на трэногах да апошніх, якія працавалі з фотастужкай.

Сяргей Качаргін – легендарная асоба ў беларускай фатаграфіі. Ён пісаў карціны пэндзлем і алоўкам, быў рэзчыкам па косці. Адзін з аўтараў кнігі «1200 фотаапаратаў з СССР». Яго здымкі захоўваюцца ў фондах Музею фатаграфіі Ньепса ў Францыі.

Максім Каўняровіч. Беларускае Радыё Рацыя.

Фота photomoment.by