У Бабруйску прайшоў пікет «За годную працу»
Прадстаўнікі бабруйскай філіі прафсаюза РЭП упершыню за доўгі час атрымалі ад уладаў дазвол на правядзенне пікета. Падчас выступаў удзельнікаў акцыі гучалі заклікі бараніць свае працоўныя правы, а таксама змагацца за адмену кантрактнай сістэмы.
Распавядае лідар бабруйскай філіі прафсаюза РЭП Галіна Смірнова:
– Упершыню ўлады дазволілі такую акцыю. Мэта яе –прыцягнуць увагу людзей да таго, што праблемы ёсць. Але людзі настолькі запалоханыя, што баяцца нават размаўляць пра гэта. Беларусы працалюбівыя, яны дастойныя таго, каб атрымліваць добры заробак. Трэба гаварыць пра свае праблемы, хопіць маўчаць!
У часе пікетавання мясцовыя актывісты таксама раздалі мінакам спецвыпуск «Народнай Волі», прысвечаны смяротнаму пакаранню ў Беларусі.
Гэтая раздача была зладжаная ў межах Тыдня супраць смяротнага пакарання, што праходзіць у Беларусі з 5 па 10 кастрычніка.
Пікет у Бабруйску, як і ў дзесяці іншых гарадах краіны, быў запланаваны прафсаюзам РЭП у рамках абвешчанай Кангрэсам дэмакратычных прафсаюзаў Беларусі акцыі супраць нестандартнай занятасці, прымеркаванай да Сусветнага дня барацьбы за годную працу, які адзначаецца 7 кастрычніка.
Алена Вільтоўская, Беларускае Радыё Рацыя, Бабруйск