Улады Падляшша выступяць з ініцыятывай бязвізавага рэжыму для беларусаў



Ці магчымы бязвізавы рэжым для арганізаваных турыстычных групаў з Гарадзеншчыны на тэрыторыю Падляшша? Пра гэта бліжэйшым часам самаўрад Падляшскага ваяводства будзе гаварыць з прадстаўнікамі польскага Міністэрства замежных спраў і консульствам у Гародні.

Пра такія планы паведаміў на сустрэчы з прадстаўнікамі гарадзенскіх уладаў і турыстычных арганізацый у Беластоку, сябра ўправы ваяводства Богдан Дыюк. Паводле яго, так як палякі і грамадзяне іншых краінаў з 26 кастрычніка змогуць без візы наведваць частку Гарадзеншчыны, так у будучыні трэба, каб і гарадзенцы маглі ў турыстычных мэтах свабодна наведваць Падляшша:

— Гэта заданне для ўсіх нас, для польскага боку, для ўладаў ваяводства: рабіць захады, дзеля пашырэння бязвізавага руху ў абодва бакі. Мы будзем звяртацца ў тым ліку і да міністэрства замежных спраў, каб улады Польшчы маглі прапанаваць такую магчымасць.

26 кастрычніка ўвойдзе ў сілу дэкрэт прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб бязвізавым рэжыме для замежнікаў на тэрыторыі Гародні і Аўгустоўскага каналу. Перасякаць без візаў мяжу з гэтага дня  можна будзе на польска-беларускім пераходзе Кузніца – Брузгі, а з 1 траўня ў пункце пропуску на Аўгустоўскім канале Рудаўка-Лясная.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток