Бывай «BelarusDocs»-2016
У інтэрнэце завяршаецца першы ў краіне анлайн фестываль дакументальнага кіно «BelarusDocs». З 4 кастрычніка былі паказаныя 7 найбольш значных айчынных кінаcтужак апошніх трох гадоў. Адбіраліся тыя, што дэманстраваліся і перамаглі на вядучых кінафорумах Еўропы ды краін СНД. Гэта былі працы як дзяржаўнай Студыі дакументальнага кіно «Летапіс», так і незалежных аўтараў. Я сустрэўся з каардынатарам і аўтарам ідэі праекта Алесем Лапо.
РР: Спадар Алесь, як нарадзілася ідэя он-лайн фэсту і як адбываўся адбор кінастужак?
Алесь Лапо: Беларускае дакументальнае кіно вядомае ў свеце. Яго паказваюць на самых прэстыжных фэстах Еўропы, СНД. Але ў самой краіне яно малавядомае з тае прычыны, што айчынныя тэлеканалы яго не дэманструюць – маўляў, не падыходзіць да «фарматных» патрабаванняў. Кінатэатры таксама ставяцца з насцярогай, не вераць, што яны могуць збіраць касу.
РР: Тым больш, апошні адмысловы кінатэатр дакументальнага кіно, што месціўся ў цяперашняй малой зале тэатра Янкі Купалы, быў закрыты яшчэ ў 90-х.
Алесь Лапо: Так. А з аўдыторыяй, каб яна пайшла ў кіно, трэба працаваць, каб яна хоць даведалася, што існуе такі прадукт. Адзіная пляцоўка, дзе можна ўбачыць лепшае, што робіцца ў кінадакументалістыцы, ёсць кінафестываль «Лістапад». Але гэта адзін паказ раз у год на вялікім экране і толькі ў сталіцы. Дый не кожны нават з жадаючых можа знайсці час для гэтага. Мне і хацелася, каб геаграфія праглядаў пашырылася і на іншыя рэгіёны Беларусі. Зразумела і тое, што кожны з фільмаў можна было паглядзець цягам 24 гадзін у любой кропцы планеты. Дарэчы, пры адборы раіўся з Наталляй Апонавай, Антонам Сідарэнкам – адзінымі кінакрытыкамі, якія адсочваюць працэсы, што адбываюцца ў дакументальным кіно.
РР: Ці рэгістравалася колькасць праглядаў?
Алесь Лапо: Безумоўна! Іх тысячы – канчаткова падсумуем статыстыку на наступным тыдні. Але калі на адкрыцці мы размаўлялі з арганізатарам ад afisha.tut.by, той спрагназаваў, што фільмы фестывалю збяруць ад 10 да 20 тысяч інтэрнэт-гледачоў. Сёння ўжо вядома пра тысячы праглядаў «Алмаза» Віктара Аслюка і «Скрыжаванне» Насты Мірашнічэнкі. Гэта ўжо, можна сказаць, па 10 цалкам запоўненых вялікіх кінатэатраў. Але галоўная мэта, што, бадай, дасягнутая – паказаць незалежны зрэз нацыянальнага дакументальнага кіно, запрасіўшы як сталых мэтраў з дзяржаўнай Студыі «Летапіс» – той жа Аслюк, Вольга Дашук. Так і маладых рэжысёраў, як Андрэй Куціла, Дар’я Юркевіч, Наста Мірашнічэнка, што ў вольным плаванні, і якіх туды мо і ланцугом не зацягнеш.
РР: Важныя і ўстаноўленыя «часавыя» рамкі – вытворчасць мусіла быць не пазней як за тры гады. Бо дакументалістыка гэта не скіраваныя на вечнасць фільмы Таркоўскага – яна не церпіць замаруджвання і мусіць быць убачаная «тут і цяпер».
Алесь Лапо: Безумоўна! Але перавагу мы аддалі гэтым разам аўтарскаму кіно, што мае сюжэтны выхад на вечнасць, на каштоўнасці, што ніколі не састарэюць, з бліскучымі героямі і здымкамі. А не так званаму тэлевізійнаму, дзе дзеля захавання інтрыгі дапускаюцца кадры, што на экране «танцуюць». Хоць і прадстаўленыя стужкі перадаюць атмасферу сённяшняга дня, бо гэта галоўная перавага дакументалістыкі. Дарэчы, правядзенне інтэрнэт-фестывалю было важна і ў тым плане, што сёлета меліся сур’ёзныя падставы меркаваць пра закрыццё студыі «Летапіс» на Беларусьфільме, як структурнай адзінкі. А рэальнасць такая, што выдатнае кіно ў нас могуць рабіць нешматлікія «зубры» і для таго патрэбна дзяржаўная фінансавая падтрымка. Спадзяюся цяпер гэтага не адбудзецца.
РР: Ну і пра будучыню «BelarusDocs»?
Алесь Лапо: Спадзяюся, фестываль стане традыцыйным. Натхняе і тая колькасць каментарыяў гледачоў, дзе выказваецца падзяка і падтрымка арганізатарам. Так што будзем у наступным годзе ладзіць працяг!
З 9 раніцы да 21-ай гадзіны на сайце afisha.tut.by заўтра яшчэ можна будзе паглядзець апошнюю з прадстаўленых дакументальных кінастужак – фільм-пераможцу «Лістапада-2015» рэжысёра Андрэя Куцілы «Госці».
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара