Ці скончыўся нафтагазавы канфлікт паміж Беларуссю і Расеяй?
Расея адновіць ранейшыя аб’ёмы паставак нафты беларускаму боку, а Беларусь адменіць рашэнне аб падвышэнні тарыфаў на транзіт вуглевадароднай сыравіны. Таксама Беларусь павінна да 20 кастрычніка пагасіць запазычанасць па плацяжах за расейскі газ, якая перавышае 300 мільёнаў даляраў. Так верагодна развязаўся энерга-паліўны расейска-беларускі эканамічны канфлікт. Паводле эканаміста Аляксандра Сінкевіча, канфлікт удалося ўлагодзіць толькі праз выкарыстанне сілавых прыёмаў.
– Думаю, што тут нават не нейкі кампраміс, а пэўны абмен рознымі сілавымі прыёмамі. Гэта ўжо звычайная практыка ў беларуска-расейскіх адносінах, прынамсі, у энергетычнай сферы, калі расейцы спрабуюць ціснуць на афіцыйны Менск перакрыццём газавага ці нафтавага вентыля, а Беларусь адказвае пагрозай падаражэння ці нейкіх абмежаванняў на транзіт праз сваю тэрыторыю.
Газавая спрэчка паміж Беларуссю і Расеяй доўжыцца з пачатку 2016 года. Менск настойвае на зніжэнні кошту расейскага газу, Расея з гэтым не згодная і абвінавачвае беларускі бок у парушэнні кантракта. Для стымулявання пагашэння доўгу Масква ў трэцім квартале скараціла пастаўкі нафты на беларускія НПЗ. У чэрвені віцэ-прэм`ер урада Расеі Аркадзь Дварковіч заявіў, што да скарачэння паставак прывяла недаплата беларускага боку за пастаўлены прыродны газ. Расейскі прэм’ер Дзмітрый Мядзведзеў сёньня паведаміў, што скідкі па цэнах на газ для Беларусі не прадугледжаны, яны застаюцца ранейшымі.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя