Беларусь-Люксембург. Рэабілітацыя не адбылася



Пасля разгромнай паразы ў адборавым матчы да футбольнага чэмпіянату свету 1:4 ад дружыны Нідэрляндаў зборная Беларусі павінна была рэабілітоўвацца ў хатнім паядынку з Люксембургам.

Нацыянальная каманда Беларусі цягам сустрэчы мела вялікую перавагу, а ўвесь другі тайм увогуле гуляла ў большасці з-за выдалення люксембургскага футбаліста. Аднак крэатыўнасці падначаленым Аляксандра Хацкевіча відавочна бракавала. Беларусы тым ня менш стварылі нямала пагрозаў чужой браме, аднак былі няўдалымі ў завяршэнні. Пару разоў гасцей уратаваў каркас брамы, а пару – галкіпер.

Выхад на замены Сяргея Карніленкі і Паўла Савіцкага прынёс узмацненне беларускай атацы. З трэцяй спробы гарадзенец Павел Савіцкі ўсё ж даслаў мяч у сетку. Але Люксембург хутка адыграўся. Аляксандр Мартыновіч сфаліў паблізу штрафной. Люксембуржцы выканалі ўдар – Міхаіл Гардзяйчук спрабаваў ухіліцца ад мяча, які зрыкашэтаваў і заляцеў у сетку Андрэя Гарбунова – 1:1. Сумны зыход для беларускай дружыны. 10 нашых стрэлаў па браме не пераважылі аднаго з боку супернікаў.

У нашай адборавай групе Швецыя дома ўпэўнена разабралася з Балгарыяй – 3:0. Францыя ў гасцях адолела Нідэрлянды – 1:0.

Турнірная табліца ў групе выглядае зараз так: Францыя і Швецыя – па 7 ачкоў, Нідэрлянды – 4, Балгарыя – 3, Беларусь – 2, Люксембург – 1.

Беларускае Радыё Рацыя