Беларусь вярнула папярэднія тарыфы на транспарціроўку расейскай нафты



Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі сваёй пастановай адмяніла прадугледжанае з 11 кастрычніка пяцідзесяціпрацэнтнае павышэнне тарыфаў на транспарціроўку расейскай нафты.

«Прызнаць, што страцiла моц пастанова Мiнiстэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь ад 28 верасня 2016 г. № 30 „Аб тарыфах на паслугі па транспарціроўцы нафты па магістральных трубаправодах, размешчаных на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”, — гаворыцца ў пастанове МАРГ №34 „Аб тарыфах на паслугі па транспарціроўцы нафты па магістральных трубаправодах, размешчаных на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь».

Дакумент афіцыйна апублікаваны 11 кастрычніка на сайце pravo.by.by, а набудзе моц 12 кастрычніка.

Згодна з пастановай, тарыфы на паслугі застануцца такімі, як былі ўстаноўленыя 1 лютага 2016 года, і складуць: па маршруце Унеча (Высокае) — Адамава Застава — 267,32 расійскага рубля за 1 тону нета (без ПДК); па маршруце Унеча (Высокае) — Броды — 114,82 расійскага рубля; па маршруце Невель (Вялікія Лукі) — Полацк 32,31 расійскага рубля (тарыф на паслугі па прыёме і транспарціроўцы нафты для далейшага яе замяшчэння па напрамках Германія, Чэхія, Славакія, Польшча, Венгрыя, Украіна).

Папярэдняя пастанова — № 30 ад 28 верасня — прадугледжвала значнае павышэнне з 11 кастрычніка тарыфаў на паслугі па транспарціроўцы нафты па магістральных трубаправодах адкрытых акцыянерных таварыстваў „Гомельтранснафта Дружба” і „Полацктранснафта Дружба”.

Тарыф за 1 тону нета (без падатку на дададзены кошт) па маршруце Унеча (Высокае) — Адамава Застава павінен быў скласці 400,98 расійскага рубля, Унеча (Высокае) — Броды — 172,23 расійскага рубля, Невель (Вялікія Лукі) — Полацк — Высокае — 48,47 расейскага рубля (тарыф на паслугі па прыёме і транспарціроўцы нафты для далейшага яе замяшчэння па напрамках Германія, Чэхія, Славакія, Польшча, Венгрыя, Украіна).

Нагадаем, 10 кастрычніка ў Менску пасля дакладу ў Аляксандра Лукашэнкі віцэ-прэм’ер беларускага ўрада Уладзімір Сямашка зрабіў шэраг заяў пра вырашэнне газавай і нафтавай спрэчкі паміж Расеяй і Беларуссю. Сярод іншага было заяўлена пра тое, што Расеяй у поўным аб’ёме будуць адноўленыя пастаўкі нафты на беларускія НПЗ, у той час як Беларусь адменіць раней прынятае рашэнне аб павышэнні тарыфаў на транспарціроўку нафты па сваёй тэрыторыі.

«Мы адрэгулявалі ўсе бягучыя моманты. У трэцім квартале заблакаваная палова пастаўкі нафты ў Беларусь. Мы павінны былі атрымаць 6 млн тон, а цяпер рэальна атрымліваем толькі 3 млн тон. Цяпер усё гэта аднаўляецца. Да 20 кастрычніка павінна аднавіцца пастаўка нафты ў поўным аб’ёме пад поўную загрузку нашых НПЗ», — сказаў віцэ-прэм’ер.

«Мы таксама зрабілі кампрамісныя крокі. Нядаўна былі некалькі павышаны тарыфы на транзіт нафты. Мы гэта вяртаем назад. Гэта значыць застануцца тыя тарыфы, якія дзейнічалі па стане на 1 кастрычніка», — адзначыў Сямашка.

БелаПАН