У Менску судзяць Дзмітрыя Паліенку (абноўлена)



Прысуд па справе актывіста Дзмітрыя Паліенкі агучаць 12-га кастрычніка а 14-й гадзіне.

У заключным слове Паліенка падзякаваў ўсім за падтрымку. Адвакат  папрасіла апраўдаць свайго падабароннага.

Пракурор прызнаў Паліенку вінаватым і патрабаваў  2 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на такі ж час пад падпіску аб нявыяздзе.

На папярэднім следстве Дзмітрый пагадзіўся, што парушыў правілы руху і заявіў, што згодны панесці спагнанне. Аднак хлопец не прызнаў, што перашкаджаў міліцыянту затрымліваць раварыста – толькі спрабаваў спыніць збіццё.

Сябар Паліенкі Вячаслаў Касінераў адзначае палітычны падтэкст справы:

– Судовае паседжанне адбываецца па ўсіх законах жанру нашай цемрашальнай судовай сістэмы. І фармат клаунады, калі міліцыянты, якія з’яўляюцца і сведкамі, і пацярпелымі, блытаюцца ў сваіх паказаннях. Калі вешаюцца на бязвінных людзей за іх погляды артыкулы. Змітра падтрымліваюць з-за мяжы, з ім салідарныя ўсе колы грамадства, пачынаючы з сістэмнай апазіцыі і заканчваючы анархістамі. Гэта дало вынік, і сам пракурор запрасіў мінімальны тэрмін – два гады з адтэрміноўкай.

Адвакат падсуднага адзначыла, што следства не сабрала ніякіх доказаў вінаватасці Дзмітрыя Паліенкі, і яго неабходна апраўдаць па абодвух артыкулах.

* * *

Падтрымаць актывіста ў суд прыйшла маці былога палітзняволенага Эдуарда Лобава – Марына Лобава:

– На мой погляд, гэты працэс нічым не адрозніваецца ад тых, на якіх я раней прысутнічала. Паказанні ўсіх сведкаў адрозніваюцца. Улада не здольная падрыхтаваць гэты працэс, каб абвінавачванне хаця б выглядала праўдападобным. І ніхто, на самой справе, не будзе ўнікаць у падрабязнасці. Падобныя судовыя працэсы – спектакаль, які паставіли людзі, няздольныя ні на што.

Суддзя Есьман большасць матэрыялаў справы зачытваў ціха, прысутныя звярнулі на гэта ўвагу, але ён іх праігнараваў. Улады спрабуюць запалохаць актыўную моладзь, каб згарнуць пратэсты, – лічыць Марына Лобава.

* * *

Пракурор папрасіў вызваліць Дзмітрыя Паліенку з-пад варты. У сваім выступе пракурор Алег Юркевіч выказаў пазіцыю дзяржаўнага абвінавачвання адносна пакарання Дзмітрыя Паліенкі:  прыцягнуць да крымінальнай адказнасці ў выглядзе двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай прысуду і вызваліць з-пад варты ў зале суда.

palienka-sud-11-10-16

ПЦ “Вясна” вядзе  маніторынг судовага разбіральніцтва. Праваабаронца „Вясны” Павел Сапелка акрэсліў пазіцыю арганізацыі наконт пераследу Паліенкі:

– Пяць месяцаў ужо прайшло з таго часу, як Паліенка знаходзіцца пад вартай. Гэта, канешне, непрапарцыйная мера стрымання па такой справе. Нельга забываць пра тое, у сувязі з чым гэта адбылося, – Паліенка разам са сваімі сябрамі рэалізаваў сваё права на мірны сход.

Дзмітрыя Паліенку абвінавачваюць у «пагрозе гвалтам альбо гвалтоўных дзеяннях супраць міліцыянта», за дзеянні ў час жорсткага затрымання  ўдзельнікаў акцыі раварыстаў «Крытычная маса». Праз 4 месяцы пасля затрымання Паліенку таксама абвінавацілі ў распаўсюдзе парнаграфіі.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота ПЦ „Вясна”