Ігар Бабкоў: Арганізацыя прэміі Гедройца мусіць удасканальвацца



Чарговы лаўрэат літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца стане вядома заўтра, 12 кастрычніка. Цырымонія ўганаравання адбудзецца ў менскім гатэлі «Рэнэсанс». Сёлета яна затрымалася амаль на паўгода. Сябра журы і лаўрэат прэміі за 2014 год Ігар Бабкоў тлумачыць гэта тым, што прэмія яшчэ не набыла канчатковы арганізацыйны фармат.

– Відаць, так склаліся абставіны. Таму што тое, што прэмія патрэбная і важная, здаецца, ніхто ўжо не сумняецца. Як і тое, што арганізацыя мусіць увесь час удасканальвацца і ўрэшце набыць нейкую завершаную форму, можа еўрапейскую, ці проста празрыстую, то бок каб усе разумелі, як гэта адбываецца, чаму і як паўстаюць пераможцы.

gedroyc_2016_712

Сярод сёлетніх прэтэндэнтаў на прэмію ў шорт-ліст трапілі кнігі «Таўсціла і лешч» Андрэя Адамовіча, «Прачнуцца ранкам у сваёй краіне» Валянціна Акудовіча, «Белая муха, забойца мужчын» Альгерда Бахарэвіча, «Рух» Алеся Пашкевіча, «Шмат Чэслава Мілаша, крыху Элвіса Прэсьлі» Тані Скарынкінай і «Завяршыць гештальт» Макса Шчура.

Прэмія імя Ежы Гедройца ўручаецца з 2012 году. Папярэднія пераможцы: Павал Касцюкевіч з кнігай «Зборная РБ па негалоўных відах спорту» (2012), Уладзімір Някляеў з кнігай «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без» (2013), Ігар Бабкоў з кнігай «Хвілінка: Тры гісторыі» (2014), Віктар Казько з кнігай «Час збіраць косці» (2015).

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя