Леанід Кучма: Не можа быць і размовы пра страту тэрытарыяльнай цэласнасці



У Менску чакаецца працяг перамоваў па мірным урэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны. „На далейшых перамовах па ўрэгуляванні сітуацыі ўкраінскі бок не павінен паступацца тэрытарыяльнай цэласнасцю Украіны”, – сказаў прадстаўнік Украіны на перамовах у Менску Леанід Кучма.

– Я добра ведаю, і пазіцыю прэзідэнтаў у тым ліку, што ні ў якім разе ўсё пра што мы будзем дамаўляцца не павінна быць за кошт незалежнасці Украіны і тэрытарыяльнай цэласнасці – гэта „святая карова”. І мы ад гэтага ні ў якім разе не павінны адыходзіць. І мы ні ў якім разе не прызнаем, што ёсць нейкія рэспублікі, або федэралізацыя і г.д.

Па словах Кучмы, дакумент кантактнай групы з 12 пунктаў, падрыхтаваны раней, у першую чаргу прызначаны для ўкраінскай улады. Разам з тым справа ўладаў, у тым ліку і расейскіх, як прымяняць гэтыя пункты. „Мала хто звярнуў увагу, у тым ліку і ў Вярхоўнай Радзе, што ў адным з пунктаў дакумента АБСЕ выразна запісана – кантроль над украінска-расейскай мяжой. Калі не будзе кантролю, а гэта задача АБСЕ, ні аб якім міры нельга казаць. Калі мяжа адкрыта для руху расейскай тэхнікі і ваеннай сілы, то далейшыя перспектывы можна сабе толькі ўявіць”, – падкрэсліў Кучма.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота joinfo.ua