Мы выбіраем мовы. Мовы выбіраюць нас



Па запрашэнні Асацыяцыі беларусаў у Швейцарыі ў Цюрыху з дакладам «Экскурсія па моўным ландшафце Беларусі» выступіла перакладчыца мастацкай літаратуры Ірына Герасімовіч, дзякуючы якой выйшлі па-беларуску кнігі вядомых  швейцарскіх аўтараў, такіх як Лукас Бэрфус, Брыгіта Шэр, Ёнас Люшэр, Франц Холер, Ільма Ракуза, Нора Гомрынгер.

Галоўным лейтматывам дакладу стала цытата з залатурнскай прамовы Лукаса Бэрфуса «Большую частку мовы мы маем ад памерлых». Ад якіх жа памерлых мы маем нашыя мовы сёння?

Адказваючы на гэтае пытанне, Ірына Герасімовіч звярнулася да знакавых падзей і асобаў нашай гісторыі, якія і сёння ўплываюць на моўную сітуацыю ў Беларусі. Дзве дзяржаўныя мовы, трасянка, тры правапісы беларускай мовы і мноства дыялектаў і гаворак – як адчуваюць сябе носьбіты мовы ў такой разнастайнасці, якія эмоцыі выклікае тая ці іншая мова, мы нараджаемся ў родную мову або выбіраем яе?

Разважаючы пра ўсё гэта, Ірына Герасімовіч абрала суб’ектыўны ракурс, апісаўшы свой моўны досвед ад дзяцінства (калі яна выхоўвалася на адным з дыялектаў, якога ў падлеткавым узросце саромелася) да сённяшняга часу, калі ў сваёй перакладчыцкай працы спадарыня Ірына на той самы дыялект абапіраецца.

Цікавая акалічнасць у тым, што большасць гасцей была швейцарцаў. У краіне з чатырма дзяржаўнымі мовамі і мноствам розных дыялектаў даволі чула ставяцца да моўнага пытання і праяўляюць цікавасць да іншых няпростых моўных сітуацый.

Сустрэча завяршылася жывым абмеркаваннем. Слухачоў цікавілі розныя рэчы: ад таго, як будзе развівацца  моўная сітуацыя ў Беларусі, да магчымасцяў вывучэння беларускай мовы ў Швейцарыі.

Асацыяцыя беларусаў у Швейцарыі спадзяецца і далей знаёміць зацікаўленую публіку з праявамі сучаснай і гістарычнай Беларусі, робячы прысутнасць Беларусі ў агульнай еўрапейскай прасторы больш выразнай.

[Not a valid template]