Штогод беларусы ўсынаўляюць каля 600 дзяцей
За 9 месяцаў 2016 года беларускія сем’і ўсынавілі 425 дзяцей — гэта на 9 дзяцей больш, чым за аналагічны леташні перыяд, паведаміла журналістам 12 кастрычніка дырэктар Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення Міністэрства адукацыі Наталля Паспелава.
Паводле яе слоў, цікавасць да ўсынаўлення ў апошнія гады сярод беларускіх грамадзян стабільна высокая — штогод усынаўляюць каля 600 дзяцей. Што да міжнароднага ўсынаўлення, то са студзеня па верасень 2016 года ў італьянскія сем’і было перададзена 19 беларускіх дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.
«Да канца года гэтая лічба павялічыцца ўдвая, — сказала Паспелава. — Зараз актыўна афармляюць працэс міжнароднага ўсынаўлення для старэйшых выхаванцаў дзіцячых інтэрнатных устаноў».
Дырэктар цэнтра ўсынаўлення таксама адзначыла, што ў электроннай базе інфармацыйнага партала Dadomu.by зараз лічацца 4.022 дзіцяці, якія маюць патрэбу ў сям’і. Большасць з іх пражываюць у інтэрнатных установах, аднак ёсць і дзеці, якія выхоўваюцца ў часовых прафесійных замяшчальных сем’ях.
«Часовыя мамы думаюць пра будучыню сваіх выхаванцаў і спрабуюць знайсці дзіцяці пастаянную сям’ю, бо прыёмная сям’я — гэта сям’я на тэрмін працоўнага дагавора аб перадачы дзяцей на выхаванне, — сказала яна. — Але хочацца, каб мама была з дзіцем заўсёды».
Сайт рэгіструе за месяц прыкладна тры тысячы наведванняў, якія вывучаюць інфармацыю аб прадстаўленых там дзецях. Штодня на яго заходзяць ад 200 да 300 чалавек.
«Гэта сведчанне таго, што тэма замяшчальнага бацькоўства нашаму грамадству цікавая, і пра тое, што мы вывелі тэму замяшчальнай сям’і з табуіраваных тайных або нейкіх непрыемных тым, — заявіла Паспелава. — Дзіцяці не важна, які прававы статус па дакументах мае яго мама, галоўнае, што яна ёсць».
За тры гады працы партала новыя сем’і ўзялі 1.327 дзяцей. З іх 505 былі ўсыноўленыя, 242 дзіцяці перададзеныя ў апякунскія сем’і, 213 — у прыёмныя сем’і, 150 — трапілі ў дамы сямейнага тыпу.
Найбольшым дасягненнем працы партала Паспелава лічыць тое, што 217 дзяцей з ліку размешчаных на партале Dadomu.by, вярнуліся ў родныя сем’і.
БелаПАН