Гжэгож Схэтына – новы міністр замежных спраў Польшчы



Новым міністрам замежных спраў Польшчы будзе Гжэгаж Схэтына, да гэтага часу – старшыня камісіі замежных спраў ў польскім Сойме. “Гэта абазначае працяг папярэдняй палітыкі”, – гаварыла падчас прадстаўлення кандыдатаў на міністраў новая прэм’ер Польшчы Эва Копач:

– А сённяшняга дня былы ўжо кіраўнік польскай дыпламатыі Радаслаў Сікорскі з 24 верасня ачоліць польскі Сойм.

Каментуючы новыя прызначэнні у польскім урадзе міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі адзначае – якраз гэтай змене павінны ў Менску быць рады:

 – Мне так падаецца, што ў Менску павінны быць задаволены сыходам Сікорскага з МЗС, бо яго вельмі моцна не любілі, І, калі  ён запрасіў Макея, дык гэта была ўжо сустрэча сыходзячага Сікорскага. 

Новы урад пакліканы на 10 месяцаў, да чарговых парламенцкіх выбараў, якія пройдуць восеню наступнага году. 1-га кастрычніка ў Сойме Эва Копач прадставіць асноўныя накірункі дзейнасці свайго ураду.

Пасля сямі гадоў з пасады кіраўніка польскай дыпламатыі сышоў Радаслаў Сікорскі. “з еўрапейскай палітычнай сцэны зыходзяць яркія палітыкі, якія мелі прынцыповыя падыходы да палітвязьняў у Беларусі”, – так пракаментаваў змены сустаршыня БХД , былы палітвязень Павал Севярынец.

– Тыя, хто з Еўропы актыўна дзейнічаў у беларускім накірунку, зараз сыйшлі. Засцярогі ў нас ёсць. Гэтыя засцярогі звязаныя з тым, што Сікорскага ведаем, і моцную палітыку ведаем, а што зараз будзе, мы, на жаль, не ведаем, а хацелася бы атрымаць яснае ўяўленне пра гэта. З нашага боку прапановы для працы ёсць.

Прадстаўляючы сёння новы ўрад новая прэм’ер міністр адзначыла, што новы міністр Схэтына будзе працягваць датыхчасовую замежную палітыку, якую вызначыў раней Радаслаў Сікорскі.

Гжэгож Схэтына апошнім часам ўзначальваў камісію замежных спраў у польскім Сэйме, раней быў міністрам унутраных спраў польшчы.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя