У Беларусі ў гульняў Wargaming больш за 2 млн карыстальнікаў



Колькасць карыстальнікаў гульнявых праектаў кампаніі Wargaming у Беларусі складае каля 2 млн, паведаміў прадакт-менеджар кампаніі Wargaming Максім Чувалаў 13 кастрычніка ў Менску на прэс-канферэнцыі, прысвечанай выпуску кабрэндынгавых плацежных карт для прыхільнікаў World of Tanks і іншых гульняў кампаніі.

Паводле яго слоў, гаворка ідзе пра колькасць гульцоў усіх галоўных праектаў — папулярных гульняў World of Tanks, World of Tanks Blitz, World of Warships і World of Warplanes. „Гэта колькасць зарэгістраваных беларускіх карыстальнікаў нашых гульняў. На гэты момант яна складае больш за 2,1 млн”, — растлумачыў прадакт-менеджар Wargaming.

Для прыхільнікаў гульнявых праектаў „Альфа-Банк” упершыню ў Беларусі выпусціў кабрэндынгавыя плацежныя карты. Пры аплаце гэтымі картамі паўсядзённых пакупак на кошт уладальніка паступае „гульнявая валюта” — „золата” і „дублоны”, якія можна траціць на куплю і „прапампоўку” віртуальных танкаў і караблёў. Акрамя таго, яе ўладальнік можа месяц бясплатна карыстацца прэміум-акаўнтам.

Маштабны праект „Альфа-Банка” (Беларусь) і Wargaming стартаваў 13 кастрычніка. Усяго банк выпусціў тры віды карт пад гульні World of Tanks, World of Tanks Blitz і World of Warships. Кожныя 3 рублі, спісаныя з карты падчас пакупак, даюць 6 балаў (пры суме аперацый да 600 рублёў у месяц) або 8,5 бала (ад 600 рублёў). Віртуальнае „золата” можна выкарыстоўваць у гульнях World of Tanks і World of Tanks Blitz, „дублоны” — у World of Warships. Не выключана, што пазней будуць выпушчаныя і карты для прыхільнікаў World of Warplanes.

Як адзначаюць у „Альфа-Банку”, зараз мільёны беларускіх карыстальнікаў World of Tanks змогуць эканоміць на гульнявых пакупках, не зрабіўшы для гэтага якіх-небудзь асаблівых высілкаў.

Такія кабрэндынгавыя карты працуюць на платформе Mastercard World і афармляюцца бясплатна. Імі можна разлічвацца за мяжой. Замовіць карту можна праз кантакт-цэнтр, сайты „Альфа-Банка” ці Wargaming — у гэтым выпадку яе бясплатна даставяць кур’ерам прама на дом. Першы месяц пасля атрымання карткі камісія адсутнічае, а ў наступным складзе 4,5 рубля. Уносіць грошы на карту можна бясплатна — пры стандартным ліміце ў 3 тыс. рублёў у месяц.

Wargaming.net — адзін з найбуйнейшых сусветных выдаўцоў і распрацоўшчыкаў free-to-play ММО і калягульнявых сэрвісаў для розных платформаў са штаб-кватэрай у Нікасіі (Рэспубліка Кіпр). Асноўны цэнтр распрацовак кампаніі засяроджаны ў Мінску, дзе і пачыналася гісторыя Wargaming.

Кампанія была заснавана ў 1998 годзе, і за гэты час паспела распрацаваць і выпусціць больш за 15 праектаў. Цяпер Wargaming працуе над ваеннай серыяй анлайн-гульняў, прысвечаных танкавым, паветраным і марскім баталіям сярэдзіны XX стагоддзя: World of Tanks, World of Warplanes і World of Warships.

Паводле дадзеных Bloomberg, агульны даход Wargaming у 2015 годзе склаў каля 590 млн долараў. У штаце кампаніі працуе звыш чатырох тысяч супрацоўнікаў, а офісы размешчаны ў Беларусі, Расіі, ва Украіне, на Кіпры, у ЗША, Францыі, Паўднёвай Карэі, Аўстраліі, Сінгапуры, Японіі, на Тайвані.

belapan.by