Зміцер Дашкевіч: Мы гатовыя за Эдуарда змагацца



“Прыйсці на суд над Эдуардам Пальчысам – справа сумлення для кожнага патрыёта”. Сваім меркаваннем адносна судовага разбіральніцтва над журналістам Эдуардам Пальчысам выказаў лідар “Маладога Фронту” Зміцер Дашкевіч, які збірае подпісы пад адным з артыкулаў блогера. Артыкул «5 прычын, з якіх Украіна пераможа РФ» Эдуарда Пальчыса, быў у ліку 9 артыкулаў, прызнаных экстрэмісцкімі судом Цэнтральнага раёну Менску. Актывіст прапануе ўсім ахвочым засведчыць подпісам, што калі за такія словы судзяць Пальчыса, то трэба судзіць і астатніх людзей, згодных з ім.

– Прыйду на суд, каб патрымаць у першую чаргу Эдуарда, і каб гэтай злачынай сыстэме, якая сябе называе судовай, засведчыць, што ёсць шмат-шмат людзей, якія гатовыя за Эдуарда змагацца. У многіх з’явіліся спадзевы, што Эдуарда вызваляць. Мы, канешне, спадзяемся, што ён будзе вызвалены. І дзякуй, што праваабаронцы прызналі яго нарэшце палітвязнем.

“Дзякуючы праваабаронцам, у нас з’явіліся новыя рычагі ўплыву на судовую сітуацыю,” – дадаў Зміцер Дашкевіч.

Разгляд “Справы Пальчыса” пачнецца 14-га кастрычніка ў Менскім гарадскім судзе. Журналісту пагражае пазбаўленне волі да 4-ох гадоў.

Алесь Вайтовіч, Беларускае Радыё Рацыя