Вечная трагікамедыя Валянціна Губарава



Цэрквы і паравозы, парканы і сабакі, гарбатнікі і куры, капелюшы і станікі, кветкі і сняжынкі – усё гэта разам і ўсё важна. Тэмы, сюжэты, вобразы карцін, здаецца, паўсядзённыя, аж да наіўнасці простыя. Але пададзеныя з загадкава-заманлівым, гумарыстычным, займальным бачаннем свету. Што выклікае непераадольнае жаданне ўвайсці, убачыць. Пачуць, у тым ліку, яго самога – геніяльнага мастака і нашага сённяшняга госця. Валянцін Губараў – сябар Беларускага саюза мастакоў ды ганаровы – нямецкай асацыяцыі “Шэдэўр”. Працы яго паспяхова экспануюцца ў лонданскім доме Christie’s. А таксама прадстаўляюцца і купляюцца на самых прэстыжных аўкцыёнах ў Аўстрыі, Нямеччыне, Францыі. Захоўваюцца ў архівах Нацыянальнага мастацкага музея ды Музея сучаснага мастацтва. Тысячы менчукоў і гасцей сталіцы памятаюць той фурор, шалёны поспех яго выставы 30 рэпрадукцый карцін пад адкрытым небам на пляцы Якуба Коласа, што адбылася ўлетку. Зараз заканчваецца яго персанальная выстава ў Дубаі, сталіцы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў. Гэтая размова запісвалася перад адлётам туды.

img_1352

РР: Як малюнкі бытавой, хай сабе і мілай сэрцу, але савецкай мінуўшчыны змаглі зацікавіць людзей у чалмах і халатах?

ГУБАРАЎ: Я ехаў на рыбалку на лецішча ў Мёршчыне. Дарогу кабаны пераскокваюць, бабулькі журавінамі гандлююць, а тут званок з Дубаі. Экзотыка! Таму адразу і пагадзіўся. Хацеў паглядзець, як успрымуць мяне арабы, што незнаёмыя не толькі з нашым бытам, культурай і гісторыяй, але снегу ніводнага разу ў жыцці не бачылі. Да таго ж у тых краінах, увогуле, адлюстраванне свету не віталася ніколі з-за тых жа рэлігійных догмаў. У пакоях вешаліся хіба вярблюды, скакуны. А тут ніякай арнаментальнасці! Для іх чыстая абстракцыя. Дый што там – сёлета 21 год майго эксклюзіўнага кантракта са знакамітай Французкай галерэяй. І там я чую пытанні, ад якіх прыходжу ў роспач. Да прыкладу, культурная, з іголкі апранутая, маладая пара спытваюць, што сімвалізуе ў майго героя расчоска ў кішэні? Аж проста бацька заўсёды яе там трымаў, дзьмуў і… часаўся. Ці на вернісажы падышоў француз, што набыў маю працу “Пераможца апошняга ўраджаю”, дзе на ўскраіне правінцыяльнага гарадка два мужычка вязуць на вазку вялізных памераў марковіну, што абхапілі цягліцамі тры жанчыны і на ёй едуць. Мне падавалася, што падтэкст эратычны. Аж пакупнік і кажа –  ці правільна я зразумеў, што на парадзе Краснай плошчы вязуць ракеты СС-20?! Я ашалеў ад такой фантазіі!

РР: А згодныя працягваць практыку выхаду Вашай творчасці “на людзі” прама на вуліцах, як гэта ўпершыню адбылося сёлета? Ці не хацелі б яго зрабіць выязным?

ГУБАРАЎ: Я ўспрымаю гэты праект не дзеля і не пра мастака. Гэта як эстэтычнае азеляненне горада. Што здорава і карысна для здароўя. Тым больш на такім урбаністычным перасячэнні, дзе не спыніцца, не азірнуцца – паміж ЦУМам, Камароўкай, сберкасай. А што да Вашай ідэі выехаць на вобласці ды раёны, лічу, слушна! Сусветная практыка паказвае, што сталічная публіка “жыруе” – яе можа спыніць прыйсці лёгкае пахаладанне, нават дожджык. А ў мястэчку ўсе  павыходзяць, як на свята!

img_1348

РР: У Вас былі выставы ў самых розных кутках планеты. Якая пакінула самае эмацыянальнае ўражанне?

ГУБАРАЎ: Самая першая, што была ў Польшчы – у Лодзі. І дала мне магутны творчы штуршок. Ацэнкай уладальніка, прафесійнага галерыста, што меў залы у Швейцарыі, Нямеччыне. Але мастацтва адчуваў не сузіральна-эклектычна, як крытыкі, а на кончыках пальцаў, нервамі. Ён адрынуў абавязковыя тэматычныя малюнкі  “па тэме” і падвёў да маіх першых пейзажаў – вось твая творчая харызма!

РР: Ці пацвердзіце чуткі пра тое, што ў вас зараз такая процьма замежных заказаў, што няма часу на беларускія?

ГУБАРАЎ: (трымаецца за жывот ) Смешна, але прыемна! Канешне, не, хоць заказы сапраўды з усіх куткоў планеты. Але ніколі не гнаўся за колькасцю. Найважнейшыя якасць і задавальненне, што атрымліваю ад працы.

РР: Але наколькі хвалюе і ці згодны з азначэннямі крытыкаў, што называюць Вас “беларускім Пітэрам Брэйгелем”, паслядоўнікам Ераніма Босха і Анры Русо? А на выставе ў Менску гледачы параўноўвалі найбольш з Маркам Шагалам…

ГУБАРАЎ: Зусім не супраць, калі ставяць у шэраг з такімі геніямі часоў і народаў. Зрэшты, не раз бачыў, як мае працы адразу пазнаюць звонку і нават не чытаюць подпісу. Але вельмі дарагім было для мяне паведамленне на смартфон ад пажылой жанчыны – “ішла да зубнога паўз вашу выставу і пасля не збаялася бор-машыны.” Гэта лепш, чым атрымаць за караціну грошы! (смяецца)

img_1349

РР: Усё-ткі вонкава і ўнутрана застаяцеся, бадай, за савецкім часам. Вам не падабаецца сучаснасць?

ГУБАРАЎ: Гэта маё дзяцінства, юнацтва, калі ўсе галоўныя ідэі, паняцці, вобразы былі закладзеныя, “заглынуліся” ў душу давеку. Доўга жыў у засценку ў Аляхновічах сярод пчол, кароўкаў, свінак, касіў і гроб на сенажаці. Падышоў да мяне на выставе амерыканскі амбасадар і падводзіць да карціны, што, кажа, яго найбольш кранула. Вельмі простай, лапідарнай – адзін мужычок засмаліў цыгарэціну на меху з бульбай і глядзіць на клін буслоў, што ўлятаюць. І які апроч тых Аляхновічаў нічога ў жыцці не бачыў – мо разок у Вільню на кірмаш па маладосці патрапіў.  А вакол мноства яркіх, пампезных нават карцін. Я ўсклікнуў – чаму ўразіла менавіта гэта?! А амерыканец, што ў баку ад нашага быту і жыцця АДЧУЎ душой гэтую цёплую самоту. Я не займаюся вынаходніцтвам – малюю, каго ведаў, каму спачуваю. Мае героі – усе тыя, каму крыху не хапае шчасця. Бягу ад усякага гламуру, бо для мяне гэта сімвал штучнасці. У жанчыне, сілкаванні, камфорце прызнаю толькі натуральнасць…

РР: Наведвальнікі выставы на Якуба Коласа мне і казалі, што па-жыццёваму Вашую творчасць і ўспрымаюць. Былі асацыяцыі з кінутымі зараз вёскамі, пра камуналкі, дзе жылі ў цеснаце, але шчырым сяброўстве. А нехта знешне параўнаў Вас з Уладзімірам Караткевічам…

ГУБАРАЎ: Дзякую за яшчэ адно прыемнае прозвішча-падбенства побач. Што да гледачоў, то і беларус, і француз, і немец гэтак жа любяць, злуюцца, раўнуюць, лаяцца. Але, зноў жа, спачуваю не ружавашчокім, што пазіраюць з-за шкла “мерсэдэса”, у якіх жыццё ціп-топ. А часам знешне зусім не прывабным, не пацалаваным матэрыяльна. Па жыцці  цеплыню, адданасць я знаходжу ўсё-ткі найперш у правінцыі. Заўсёды кажу маладым – жонку бярыце адтуль!  Таму калі купляў лецішча, адразу адкідаў абвесткі, дзе “асфальт да хаты”. Хацеў падалей ад сучаснай цывілізацыі, штучных усмешак, рафінаванасці. А ў мяне побач 3-4 хаціны, дзе тутэйшыя нават не ведаюць слоў “а па чым гэта?” Даюць гародніну, фрукты “проста так”. Увогуле, часцяком прыгадваю маці князя Юсупава, які, казалі, быў багацей за імператара. Яна давала яму “ўстаноўку” – “каму больш дадзена, той больш вінен”. 

РР: Вы гэта адчуваеце ў сябе таксама?

ГУБАРАЎ: Канешне! Бадай, таму прысвяціў сваё мастацтва маленькаму чалавеку, у каторага шмат чаго няма і задавольваецца тым, што ёсць. Спачуваю “дублёрам” – тым, хто разбегліся, але не даскокнулі, закахаліся, але з аднаго боку. Прагнулі, але не ўсё атрымалася. Гэта мае і тэрапеўтычнае значэнне. Хтосьці падыдзе, паглядзіць на персанаж і скажа – “а мая жонка прыгажэйшая, а жыву лепей”. Хай лепш так, без зайздрасці.

РР: Вы не любіце палітыкі?

ГУБАРАЎ: Перабудовачны час мінулага веку закрануў усіх. У мяне таксама з’явілася колькі “рэвалюцыйных”, сацыяльна значных прац. Што на наступны ж дзень на першай старонцы надрукавала “Літаратура і мастацтва”, пра іх загаварылі. Але злізваць падзеі сённяшняга дня, гадзіны – не мастацкая гэта справа. Чыноўніка на двух крэслах купілі ў Францыі, але – дайце веры –  не з-за палітыкі, а як эксклюзіў мастака Губарава…. Не адчуваю сябе вычарпаным –  ёсць 7 ідэй на бліжэйшую будучыню!

РР: Не раскрывайце іх, бо ў Бібліі сказанае –  слова прамоўленае ўжо ўчынак. Вы называеце сябе шчаслівым. А што гэта для вас? 

ГУБАРАЎ: Простыя рэчы – калі спакойны за дзяцей, блізкіх, сваё здароўе. За тое, што можаш тварыць і ведаеш, што дрыжыш ад нецярпення – ой, хутчэй жа вечар, ноч, бо заўтра новая праца! І хочацца тут жа яе ўвасобіць. Вось так нямнога і цэлы Сусвет… 

[Not a valid template]

На здымках: у майстэрні Губарава.

Віталь Сямашка, Беларуская Радыё Рацыя

Фота аўтара