Жонка Бакіева ўзначаліла гатэль „Мінск”
На днях дырэктарам рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Гатэль Мінск» была прызначаная Назгуль Таламушава. За нетыповым славянскім прозвішчам хаваецца жонка былога прэзідэнта Кыргызстана Курманбека Бакіева, які некалькі год таму атабарыўся ў Беларусі.
РУП «Гатэль Мінск» з’яўляецца адным з ключавых актываў у структуры Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Беларусі.
Бакіеў з 2010 года з’яўляецца грамадзянінам Беларусі, ён лічыць немагчымай сваю экстрадыцыю ў Бішкек, як патрабуе цяперашняя ўлада Кыргызстана.
Па словах Таламушавай, яны разам з Бакіевым жывуць з 1995 года. «Мой будучы муж спадабаўся мне з першага погляду, – распавядала яна ў 2011 годзе ў інтэрв’ю газеце ” Айат „. – Нам з ім выпала разам выпрабаваць і слодыч, і горыч жыцця, мы з ім жывем адзінай сям’ёй ».
Жонка Бакіева сказала, што палюбіла Беларусь, але не з першага погляду. «Беларусь нам спадабалася, – казала Назгуль Муратбекаўна. – Людзі тут простыя, добрыя, з шырокай душой. Раз так склаліся абставіны, абвыкаеш. Пакуль народ правільна не зразумее і не даведаецца пра невінаватасць Курманбека Саліевіча, нам лепш заставацца тут. Вядома, на радзіме і зямля – золата, але пакуль у нас няма думак вярнуцца ў Кыргызстан ».
З першай жонкай Бакіева Назгуль Таламушава даўно знаёмая і «паважае як жанчыну і маці».
Цікава, што намеснікам дырэктара «Гатэля Мінск» з’яўляецца былы памочнік прэзідэнта і вядомы дэпутат Віктар Кучынскі.
Фота ok.ru